BE RU EN

СБУ афіцыйна агучыла дэталі гістарычнай аперацыі «Павуцінне»

  • 2.06.2025, 13:16

Чатыры атакаваныя аэрадромы, 41 знішчаны самалёт.

Служба бяспекі Украіны падчас спецаперацыі «Павуцінне» адначасова пацэліла ў чатыры вайсковыя аэрадромы ў тыле РФ, дзе дыслакуецца варожая авіяцыя, паведаміў кіраўнік СБУ Васіль Малюк.

Прэс-служба СБУ паведамляе, што ў выніку ўдараў дронамі быў пашкоджаны 41 самалёт, сярод якіх - А-50, Ту-95, Ту-22 М3 і Ту-160.

«Вораг амаль кожную ноч бамбіў нашу дзяржаву з гэтых самалётаў, а сёння сапраўды адчуў, што «адплата непазбежная». СБУ робіць і будзе рабіць усё магчымае, каб абараніць Украіну і спыніць расейскія абстрэлы», — адзначыў Малюк.

Кіраўнік СБУ ўзначальваў рабочую каманду, якая рыхтавала спецаперацыю «Павуцінне» больш за паўтара года.

У выніку аперацыі дроны СБУ адпрацавалі цэлі адразу на чатырох вайсковых аэрадромах РФ: Белая, Дзягілева, Аленья і Іванава. За адзін раз удалося знішчыць найбольшую колькасць варожай авіяцыі.

«Агулам гаворка ідзе пра паразу 34% стратэгічных носьбітаў крылатых ракет на асноўных аэрадромах базавання РФ. Гэта быў не проста знішчальны ўдар па варожай авіяцыі, а сур'ёзная аплявуха па моцы і тэрарыстычнай сутнасці РФ», — адзначае Малюк.

Прыблізны кошт знішчанай стратэгічнай авіяцыі ворага дасягае больш за сем мільярдаў даляраў ЗША.

Паводле слоў Малюка, спецаперацыя «Павуцінне» адбывалася адначасова ў трох гадзінных паясах і была звышскладанай з лагістычнага пункту гледжання.

«Паводле законаў і звычаяў вайны мы адпрацавалі абсалютна законныя цэлі - вайсковыя аэрадромы і авіяцыю, якая бамбіць нашы мірныя гарады. Таму з нашага боку адбываецца рэальная дэмілітарызацыя РФ, бо мы знішчаем менавіта вайсковыя цэлі. І нашы ўдары будуць працягвацца роўна столькі, колькі РФ будзе тэрарызаваць украінцаў ракетамі і шахедамі», — адзначае Васіль Малюк.

Ён падзякаваў усім супрацоўнікам Службы, якія былі задзейнічаныя ў гэтай гістарычнай спецаперацыі, падкрэсліўшы, што ўсе яе ўдзельнікі ўжо даўно знаходзяцца ва Украіне.

Апошнія навіны