Аўстрыйскі палкоўнік: Аперацыя «Павуцінне» - велізарная ганьба для Пуціна
- 2.06.2025, 16:19
Удар украінскіх беспілотнікаў стаў нечаканым і надзвычай эфектыўным.
Маштабная спецаперацыя «Павуцінне», якая была праведзеная СБУ 1 чэрвеня, істотна паўплывала на баяздольнасць расейскіх паветраных сілаў. Больш таго, яна нанесла ўдар па ядзернай стратэгіі Крамля. Менавіта таму Расея будзе рыхтаваць зваротны ўдар. Такое меркаванне выказаў аўстрыйскі палкоўнік Маркус Райснер у інтэрв'ю Welt.
Паводле ягоных слоў, удар украінскіх беспілотнікаў па баявых самалётах стаў нечаканым і надзвычай эфектыўным. Экспэрт параўнаў маштабы аперацыі з атакай брытанскіх тарпеданосцаў на італьянскі флот у Таранта ў 1940 годзе, а таксама з нападам Японіі на амерыканскі Пэрл-Харбар у 1941 годзе.
Маштабы страт РФ
Вядома, што ў выніку атакі ўкраінскіх БПЛА было знішчана больш за 40 самалётаў, многія з якіх датычныя да ракетных абстрэлаў Украіны. Райснер заявіў, што гэтыя самалёты складалі адзін з галоўных інструментаў ударнай авіяцыі Расеі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання.
Экспэрт дадаў, што Украіна знішчыла або вывела з ладу блізу траціны расейскага стратэгічнага бамбавальнага флоту. На ягоную думку, гэта істотна абмяжуе здольнасць Расеі наносіць масаваныя паветраныя ўдары па Украіне.
Таксама Райснер нагадаў, што некаторыя знішчаныя бамбавікі былі здольныя несці ядзерныя боезарады на борце. Ён мяркуе, што іх страта стала сур'ёзным ударам па здольнасці РФ да ядзернага стрымлівання.
"Адно зразумела: гэтая дронавая атака - велізарная ганьба для Пуціна і ягоных вайскоўцаў. Цяпер ён павінен растлумачыць свайму народу, як такі напад мог адбыцца на чацвёртым годзе поўнамаштабнай вайны", - сказаў журналістам палкоўнік.
Чаму спецаперацыя прайшла паспяхова
Райснер выказаў здагадку, што спецаперацыя прайшла паспяхова дзякуючы таму, што расейцы недаацанілі магчымасці Украіны. Ён не выключае, што бамбавікі сабралі на аэрадромах для падрыхтоўкі да чарговай масаванай атакі, праз што іх абарона была мінімальнай.
Паводле звестак выдання, беспілотнікі, якія нанеслі ўдары па расейскіх самалётах, былі актываваныя каля аэрадромаў на адлегласці да 4000 км ад Украіны, выкарыстоўваючы расейскую GSM-сетку, сістэму аўтанавядзення і штучны інтэлект для распазнання контураў цэляў.
Расея будзе рыхтаваць адказ
Палкоўнік не выключае, што Расея можа пачаць новую хвалі масаваных паветраных удараў у адказ на спецаперацыю Украіны. Ён мяркуе, што расейцы могуць нанесці ўдары з прымяненнем самалётаў Су-30, Су-34, Су-35 і МіГ-31, а таксама выкарыстоўваць некіравальныя авіяцыйныя бомбы ці ракеты малой і сярэдняй далёкасці. Райснер упэўнены, што пад пагрозай памежныя гарады Украіны.
Акрамя таго, палкоўнік заявіў, што правядзенне падобных маштабных аперацый у найбліжэйшай будучыні малаверагоднае. Ён падкрэсліў, што Украіна ўжо страціла фактар нечаканасці, а Расея, хутчэй за ўсё, узмоцніць меры бяспекі.