Фон дэр Ляен падтрымала ўзмацненне санкцый ЗША супраць Расеі
- 2.06.2025, 17:46
Кіраўніца Еўракамісіі правяла сустрэчу з рэспубліканцам Ліндсі Грэмам.
Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен выказала падтрымку ініцыятыве амерыканскіх сэнатараў для ўзмацнення санкцыйнага ціску на Расею, піша Politico (пераклад - сайт Charter97.org).
У панядзелак у Бэрліне фон дэр Ляен правяла сустрэчу з рэспубліканцам Ліндсі Грэмам - адным з ключавых прыхільнікаў жорсткай замежнай палітыкі ЗША. Асноўнай тэмай абмеркавання стала каардынаванне санкцый Еўразвязу і ЗША супраць Расеі.
Еўракамісія рыхтуе ўжо 18-ы пакет «жорсткіх» санкцый, накіраваных на энэргетычны і банкаўскі сектары Расеі, на фоне вайны ва Украіны, якая працягваецца. Ліндсі Грэм супольна з дэмакратам Рычардам Блюменталем распрацавалі законапраект, які прадугледжвае высокія тарыфы для краін, якія купляюць расейскія энэргарэсурсы. У праекта 60 суаўтараў і, як чакаецца, Сэнат ЗША пачне абмеркаванне дакумента на гэтым тыдні.
«Ціск працуе, бо Крэмль інакш не разумее», — заявіла фон дэр Ляен. «Нашы меры разам з амерыканскімі значна ўзмоцняць эфект санкцый».
Грэм у сваю чаргу падкрэсліў неабходнасць прыцягнення да адказнасці Кітая і іншых краін, якія купляюць танную расейскую нафту, якая падсілкоўвае вайсковую машыну Пуціна.
Пасля заканчэння перамоў у Стамбуле прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа зрабіць больш жорсткімі санкцыі ў выпадку зацягвання Расеяй мірных перамоў.
Фон дэр Ляен і Грэм таксама абмеркавалі неабходнасць далейшага ціску на Расею ў сувязі з гвалтоўным вывазам больш як 20 тысяч украінскіх дзяцей.
Акрамя таго, яны пагадзіліся, што найлепшым варыянтам будзе дасягненне дамоўленасці аб тарыфнай спрэчцы паміж ЗША і ЕЗ.
Пазней у той жа дзень Грэм сустрэнецца з міністрам замежных спраў Нямеччыны Ёханам Вадэфулем для абмеркавання санкцый супраць Расеі.