BE RU EN

Расея трэці год запар скасоўвае авіясалон МАКС

  • 2.06.2025, 19:33

Паказваць няма чаго.

Міжнародны авіяцыйна-касмічны салон (МАКС), які павінен быў прайсці летам у падмаскоўным Жукоўскім, зноў не адбудзецца, паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на дзве знаёмыя з сітуацыяй крыніцы.

Найбуйнейшы ў краіне агляд авіятэхнікі, які праводзіўся з 1993 года, а ў сярэдзіне 2000-х набыў федэральны статус, скасоўваецца трэці год запар.

Паказваць на салоне, які да вайны наведвалі найбуйнейшыя сусветныя вытворцы, уключаючы Boeing і Airbus, зноў няма чаго: флагманскія праекты расейскага авіяпраму – МС-21 і SJ-100 – так і не дайшлі да рэалізацыі, расказала крыніца «Інтэрфакса». А заходнія кампаніі не прыедуць у Маскву праз санкцыі.

Зрэшты, у першую чаргу скасаванне салона звязанае з меркаваннямі бяспекі, падкрэсліла крыніца.

МАКС, які праходзіў да вайны раз на два гады, у 2023 годзе быў скасаваны ўпершыню за 30 гадоў сваёй гісторыі. Салон абяцалі правесці ў 2024 годзе, але ён ізноў не адбыўся.

Неўзабаве пасля пачатку вайны і ўвядзення санкцый расейскія ўлады анансавалі амбіцыйную праграму адраджэння айчыннага авіяпраму: планавалася, што выпуск цывільных самалётаў у краіне літаральна за некалькі гадоў выйдзе на ўзроўні Савецкага саюза, а ўсяго да 2030 года кампаніі атрымаюць больш за тысячу айчынных машынаў.

Згодна з планам, яшчэ ў 2023 годзе расейскія перавознікі павінны былі атрымаць два імпартазамешчаныя Sukhoi Superjet і тры лайнеры Ту-214, а ў 2024-м – 20 машынаў першага тыпу, сем – другога, а ў дадатак 6 рэгіянальных лайнераў MC-21 і два турбавінтавыя Іл-1. Да 2025 года аб'ёмы выпуску цывільных лайнераў у краіне павінны былі дасягнуць 80 адзінак на год, да 2026-га – 120 адзінак на год, а ў 2028-м – перавысіць 200 адзінак на год.

У рэальнасці за тры гады вайны са стапеляў авіязаводаў сышло ўсяго пяць самалётаў – тры Ту-214 і два Іл-96-300, пісаў «Коммерсант».

У пачатку 2025 года ўрад прыняў пастанову скараціць у 1,5 разу план выпуску самалётаў. Калі першапачаткова чакалася, што да 2030 года не менш як 80 адсоткаў лайнераў у парку перавознікаў стануць айчыннымі, то цяпер мэта зніжаная да 50 адсоткаў. Прычым пачатак маштабнай авіявытворчасці быў адкладзены на 2027–2028 гг., а выхад авіяпраму на поўную магутнасць – і перанесены на 2030 год.

«Калі з'явілася гэтая праграма, усе прафесіяналы круцілі ля скроні на адрас тых, хто яе прыдумаў і падсунуў на подпіс старшыні ўраду. Тыя, хто распрацаваў праграму, выдалі хлусню за праўду», – казаў намеснік міністра цывільнай авіяцыі СССР, цяпер старшыня камісіі цывільнай авіяцыі АС Растранснагляду Алег Смірноў.

Паводле словаў Смірнова, ні адна праграма развіцця цывільнай авіяцыі ў Расеі не была выкананая. Любому зразумела, што для 1000 самалётаў трэба 2000 рухавікоў. А дзе іх узяць? Патрэбная электроніка і многае іншае. Ды нават шасі патрэбныя, а гэты ўнікальны выраб – ён павінен вытрымліваць нагрузку да 100 тонаў пры ўдары аб зямлю пры пасадцы, і пры гэтым павінны самі важыць максімальна мала для таго, каб не абцяжарваць самалёт, не ўплываць на далёкасць палётаў. Патрэбныя заводы, станкі, патрэбныя інжынеры і працоўныя», – называе эксперт.

Апошнія навіны