Наталля Радзіна і Зміцер Бандарэнка сустрэліся з міністрам замежных спраў Літвы
- 20.06.2025, 14:19
Беларусь застаецца ў прыярытэце літоўскай замежнай палітыкі.
Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс і дырэктар Дэпартамента ўсходняй палітыкі МЗС Літвы Мантас Якімавічус 19 чэрвеня сустрэліся ў Вільні з галоўнай рэдактаркай сайта Charter97.org Наталляй Радзінай і каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітром Бандарэнкам.
«На сустрэчы абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі і рэгіёне, стратэгія і палітыка Літвы і Еўразвяза ў дачыненні да нашай краіны, санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі і неабходнасць вызвалення беларускіх палітвязняў. Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі трэба захоўваць і нават узмацняць. Таксама надзвычай важная падтрымка незалежных медыяў, якія даносяць да беларусаў праўдзівую інфармацыю і супрацьстаяць масаванай лукашэнкаўска-пуцінскай прапагандзе; і праваабарончых арганізацый, якія надаюць дапамогу рэпрэсаваным. Гэта тое, што трэба рабіць сёння, зыходзячы з сітуацыі, у якой мы знаходзімся. Стратэгічна ж трэба разумець, што змяненне сітуацыі ў Беларусі магчымае ў недалёкай перспектыве, і Захаду неабходна прыкласці намаганні, каб вывесці нашу краіну з зоны расейскага ўплыву. Беларусь - частка Еўропы і ключавая краіна для гарантавання еўрапейскай бяспекі», - пракаментавала вынікі сустрэчы Наталля Радзіна.
«На сустрэчы мы казалі, што беларусы, як і грамадзяне Літвы, салідарныя з украінцамі, якія змагаюцца за сваю свабоду і незалежнасць, і вельмі важна, каб Літва, Польшча, іншыя краіны Еўразвяза звярталіся да беларусаў з пасланнем, што для Еўропы важная дэмакратычная Беларусь. Мы казалі аб тым, што неабходна камунікаваць з беларускім грамадствам. Сёння амаль 8 мільёнаў беларусаў жывуць у сваёй краіне, і блізу мільёна — за мяжой, у першую чаргу, у краінах-суседзях. І ад правільнай камунікацыі з беларусамі залежыць, ці будуць яны хаўруснікамі і сябрамі краін ЕЗ, ці іх вялікі патэнцыял будзе выкарыстаны ворагамі дэмакратыі. Менавіта таму так важная падтрымка беларускіх незалежных медыяў. Міністр Будрыс адзначыў, што для літоўскай дзяржавы Беларусь з'яўляецца і заўсёды будзе з'яўляцца важным суседам і партнёрам, што ў нас агульная гісторыя, і што ён верыць у непазбежную дэмакратычную будучыню Беларусі», - адзначыў Зміцер Бандарэнка.