BE RU EN

Польскі генерал: Вучэнні «Захад» - прэлюдыя нападу на Літву

  • 20.06.2025, 11:41

Сувальскі калідор пад пагрозай.

Былы намеснік начальніка Генштаба Польшчы генерал Лявон Камарніцкі мяркуе, што расейска-беларускія вучэнні «Захад-2025», якія ўвосень пройдуць на тэрыторыі нашай краіны, могуць несці пагрозу Літве. Аб гэтым піша польскае выданне «Rzeczpospolita» (пераклад - Charter97.org):


- Папярэднія вучэнні «Захад» (а яны маюць доўгую гісторыю) былі часткай падрыхтоўкі агрэсіі супраць Украіны. На гэты раз, на маю думку, гэтыя вучэнні будуць свайго кшталту прэлюдыяй, дзе будуць адпрацоўвацца сцэнары магчымай агрэсіі супраць краін Балтыі, канкрэтна супраць Літвы, з мэтай адрэзаць гэтыя краіны ад NATO, - заявіў генерал Камарніцкі, згадаўшы ў гэтым кантэксце заняцце «вузкага рыльца» шырынёй 70 км - Сувальскага калідора.

Былога намесніка начальніка Генштаба Польшчы спыталі, ці рызыкне Расея напасці на краіну-сябра NATO. Ён адказаў, што такая палітычная і вайсковая пастанова Масквы магчымая, калі «даспеюць пэўныя стратэгічныя і палітычныя абставіны», а таксама калі адбудзецца «глыбокі раскол у NATO». Ён падкрэсліў, што NATO не з'яўляецца маналітам, а разрыў паміж ЗША і Еўропай паглыбляецца.

Генерал звярнуў увагу, што пяты артыкул Паўночнаатлантычнай дамовы аб узаемадапамозе можа не спрацаваць, калі не будзе палітычнага кансэнсусу, і Расея можа скарыстацца гэтай слабасцю Альянсу.

- Калі дапамога Захаду Украіне аслабне, раскол у NATO паглыбіцца, то Расея, паставіўшы сабе за мэту злучэнне Калінінградскай вобласці з асноўнай тэрыторыяй Расеі наземным шляхам, (…) будзе імкнуцца адкрыць гэты шлях праз краіны Балтыі, - прагназаваў ён. - На мой погляд, менавіта такое дзеянне ёсць у планах Расеі і Генштаба расейскага войска, - заявіў генерал Камарніцкі.

Пры гэтым генерал дадаў, што калі NATO ўзмоцніцца, пераадолее рознагалоссі, а краіны-чальцы знойдуць агульную мову з ЗША наконт прысутнасці ў Еўропе і падтрымкі Украіны, то «тады Расея не нападзе».

Апошнія навіны