У Менску арудуе маньяк?
- 20.06.2025, 12:30
Вось што адказалі ў міліцыі.
Менская міліцыя адпрэчыла інфармацыю, якая распаўсюджваецца ў Telegram-чатах і сацсетках пра нібыта маньяка ў Менску, які, па чутках, забіў і расчляніў 20 маладых дзяўчат. У міліцыі заявілі, што крымінагенная абстаноўка ў сталіцы застаецца спакойнай і кантраляванай.
«Серыйных забойстваў у Менску не ўчынялася», - гаворыцца ў афіцыйнай заяве.
Таксама ў міліцыі ўдакладнілі, што фатаграфіі і відэа, якія суправаджалі такія паведамленні, сапраўды паказваюць загінулых людзей. Аднак у кожным з гэтых выпадкаў смерць наступіла не ў выніку злачынства. Гэтыя матэрыялы, як падкрэслілі ў ведамстве, былі выкарыстаныя «для ўзмацнення эфекту», але не звязаныя з серыйнымі забойствамі.
На гэты момант міліцыя праводзіць праверку і ўстанаўлівае, хто менавіта стаіць за распаўсюджваннем ілжывай інфармацыі. Ведамства нагадала, што за такія дзеянні прадугледжаная крымінальная адказнасць.