У ЗША бензін - самы танны за чатыры гады
- 20.06.2025, 12:35
Амерыканцы плануюць рэкордную колькасць паездак.
Чакаецца, што рэкордная колькасць кіроўцаў у ЗША адправіцца ў паездкі на святы да Дня незалежнасці (4 ліпеня), якія пачынаюцца на наступныя выходныя. Гэта абумоўлена самымі нізкімі за чатыры гады коштамі бензіну.
Аб гэтым піша галіновае выданне enkorr.ua.
Паводле звестак Амерыканскай аўтамабільнай асацыяцыі (AAA), з 28 чэрвеня да 6 ліпеня прыкладна 61 600 000 амерыканцаў будуць падарожнічаць на аўтамабілях – гэта на 2,2% больш, чым летась. Прагноз быў складзены да эскалацыі канфлікту паміж Ізраілем і Іранам, якая выклікала рост коштаў нафты і ўзмацніла рызыкі падаражэння паліва ў ЗША.
Аптымізм наконт аўтамабільных паездак тлумачыцца тым, што кошты бензіну знізіліся прыкладна на 25 цэнтаў за галон у параўнанні з мінулым годам і з’яўляюцца самымі нізкімі для гэтага перыяду з 2021 года. Хаця працяглая напружанасць паміж Ізраілем і Іранам патэнцыйна можа падштурхнуць цэны ўверх, істотнага ўплыву на спажыванне пакуль не чакаецца.
«Паколькі кошты былі значна ніжэйшымі, чым летась, яны крыху вырастуць, але пакуль няма прыкмет вяртання да ўзроўню мінулага лета», – сказала Айша Дыяс, прэс-сакратар AAA.
Нягледзячы на павелічэнне аўтамабільных падарожжаў, попыт на бензін, паводле прагнозаў, не вырасце істотна праз паляпшэнне паліўнай эфектыўнасці транспартных сродкаў. Паводле інфармацыі Управы энэргетычнай інфармацыі ЗША, попыт, які на мінулым тыдні быў на 1% ніжэйшы, чым у 2024 годзе, магчыма, будзе зніжацца і ў гэтым, і ў наступным годзе.
У той жа час чакаецца зніжэнне раздробных коштаў бензіну ў большасці штатаў да канца 2026 года.
Кошты нафты зніжаліся цягам большай часткі 2025 года праз тое, што краіны ОРЕС+ хутчэй, чым чакалася, нарошчвалі пастаўкі, а гандлёвая палітыка адміністрацыі Трампа стрымлівала попыт. Гэтыя фактары дапамаглі ўтрымаць кошты паліва, аднак абвастрэнне паміж Іранам і Ізраілем становіцца новай рызыкай, якая можа выклікаць перабоі ў здабычы і транспартаванні сырой нафты, напрыклад, у Армузскай пратоцы.