BE RU EN

Авіяхаб Персідскага заліва паралізаваны

  • 20.06.2025, 14:34

Найбуйнейшыя кампаніі скасоўваюць рэйсы.

Канфлікт на Блізкім Усходзе парушае працу глабальных маршрутаў. Ключавыя хабы рэгіёну пад пагрозай.

Пра гэта паведамляе Bloomberg.

Амерыканскія і еўрапейскія авіякампаніі масава скасоўваюць рэйсы на Блізкі Усход

Амерыканскія і еўрапейскія авіяперавознікі пачалі прыпыняць палёты ў Персідскі заліў на фоне росту канфлікту паміж Ізраілем і Іранам. ЗША разглядаюць магчымасць нанясення ўдараў па іранскіх ядзерных аб'ектах, што падвышае пагрозу эскалацыі.

American Airlines прыпыніла штодзённыя рэйсы з ЗША ў Доху. Finnair і Air Canada таксама скасавалі рэйсы ў рэгіён, а United Airlines часова спыніла абслугоўванне маршруту ў Дубай. Air France-KLM скасавала некалькі рэйсаў у Дубай, а British Airways спыніла палёты ў Бахрэйн да канца месяца. Air Canada таксама спыніла рэйсы ў Дубай.

Гэта першы выпадак за апошнія 20 месяцаў, калі найбуйнейшыя авіявузлы Персідскага заліва закранутыя масавымі адменамі.

Раней абмежаванні датычыліся ў асноўным тэрыторый вакол Ізраіля і маршрутаў, па якіх могуць праходзіць іранскія ракеты.

Рост пагрозы для раней стабільнага рэгіёну

Такое развіццё падзей падкрэслівае рост рызыкі нават у тых частках Блізкага Усходу, якія раней уважаліся за бяспечныя. Тэгеран пагражае нанесці ўдары па амерыканскіх базах у рэгіёне і закрыць Армузскі праліў – стратэгічна важны марскі шлях для экспарту нафты.

Дубай і Доха з'яўляюцца ключавымі міжнароднымі авіяцыйнымі хабамі. Іх геаграфічнае становішча робіць іх асноўнымі пунктамі перасадкі паміж ЗША, Еўропай і Азіяй.

Рызыкі для цывільных авіяперавозак растуць

Апошнія падзеі ўзмацняюць непакой датычна цывільных палётаў над зонамі канфлікту. У самалёта Emirates Boeing 777 узніклі праблемы ў Тэгеране, а лайнер Azerbaijan Airlines, верагодна, быў падбіты расейскай ракетай каля Грознага ў канцы 2024 года і пазней разбіўся ў Казахстане – загінулі 38 чалавек.

У гісторыі цывільнай авіяцыі ўжо былі трагічныя інцыдэнты – напрыклад, збіты расейскай ракетай самалёт Malaysia Airlines MH17 над Украінай, у выніку чаго загінулі 298 чалавек.

ЗША папярэджваюць і ўзмацняюць захады бяспекі

Амерыканскія авіялініі адрэагавалі пасля таго, як амбасада ЗША ў Катары заклікала грамадзянаў быць асабліва пільнымі. Было рэкамендавана ўнікаць масавых збораў людзей і месцаў, звязаных з ЗША, і «трымацца ў цені».

American Airlines скасавала рэйсы да 22 чэрвеня. United Airlines прыпыніла рэйсы паміж Ньюаркам і Дубаем да далейшага апавяшчэння, а Delta і United ужо раней спынілі рэйсы ў Тэль-Авіў.

Апошнія навіны