Як за год падаражэў адпачынак у Белавежскай пушчы
- 20.06.2025, 15:10
Рост – да 40%.
За суткі пражывання ў гатэлі ў адным з самых папулярных турыстычных месцаў Беларусі – Белавежскай пушчы – можна заплаціць больш за 200 даляраў, што значна даражэй, чым летась. Кошты параўнала выданне BGmedia.
Самы дарагі варыянт пражывання ў Белавежскай пушчы – аднайменны парк-гатэль, былы гатэльны комплекс «Каменюкі». Суткі пражывання тут гэтым летам каштуюць ад 155 да 668 рублёў. Летась самы дарагі нумар каштаваў 570 рублёў. Падаражанне – 17,1%.
Больш даступны варыянт – гатэль №2 у Каменюках. Тут кошты амаль не падняліся: нумары каштуюць ад 125 да 220 рублёў, летась кошты былі ад 120 да 210 рублёў.
Моцна падаражэў гатэльны комплекс «Жаркаўшчына» – на 29–30% за год. За суткі тут просяць ад 74 да 176 рублёў.
На цэлых 40% падняліся кошты пражывання ў лесапаляўнічай гаспадарцы «Выгонаўскае» на беразе Выганашчанскага возера. Кошты на ноч са сняданкам тут пачынаюцца ад 35 рублёў. Летась было ад 25 рублёў.
У эколага-асветніцкім цэнтры «Войтаў Мост» можна адпачыць за 30–45 рублёў за дзень, але з падсяленнем да іншых гасцей, як у хостэле.
Падаражэлі і забавы. Так, сядзіба Дзеда Мароза стала даражэйшай на 20%: мінімальны кошт цяпер – 12 рублёў.
На 33–34% даражэй стала арандаваць ровар: ад 20 да 47 рублёў (летась – ад 15 да 35 рублёў). Паездка на ўласным ровары абыдзецца на 10 рублёў або 30 – з заездам у сядзібу Дзеда Мароза (у 2024 годзе – 25 рублёў).
Белавежская пушча – адзін з нацыянальных паркаў, якія летась аддалі частку свайго прыбытку ў спецыяльны інавацыйны фонд, грошы з якога пайшлі ў МУС (123,5 тысячы даляраў) і Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт (1766509 даляраў). Нацыянальныя паркі Беларусі былі абавязаныя перавесці ў фонд 1 адсотак ад прыбытку.