Памёр стваральнік беларускага брэнду Serge
- 20.06.2025, 15:24
Сяргею Атрошчанку было 55 гадоў.
Беларускі бізнэсмэн Сяргей Атрошчанка памёр 19 чэрвеня ад цяжкага анкалагічнага захворвання, піша smartpress.by.
Больш за ўсё Атрошчанка вядомы як заснавальнік брэнду ніжняй бялізны Serge і газеты «Обозреватель».
Ён нарадзіўся ў 1970 годзе ў Менску. Зарабляць будучы бізнэсмэн вучыўся яшчэ ў дзяцінстве. У адным з інтэрв'ю ён расказваў, як у 10 гадоў рэзаў лазу і «здаваў яе на Мазырскую фабрыку». «Прынёс тысячу такіх дубчыкаў – атрымай 4 рублі 50 капеек», – казаў ён.
У 21 год (адразу пасля развалу СССР) зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік і пачаў бізнэс з вытворчасці трусіных шкурак, пашыву іх і гандлю на Старажоўскім рынку ў Менску футравымі шапкамі і футрамі.
У 1996 годзе запусціў вытворчасць бялізны. Кампанія Serge хутка развівалася: пачаўшы з 15 швачных машынак і гэтулькіх швачак, вырасла да штату 700 чалавек. З'явіліся крамы па ўсёй Беларусі, потым у СНД і нават у асобных краінах Еўропы.
Паралельна Атрошчанка набыў газету «Свабодныя навіны». Пазней заснаваў выданне «Обозреватель».