Украіна правяла новы абмен палоннымі з РФ
- 20.06.2025, 15:26
Дадому вярнуліся параненыя і цяжкахворыя байцы.
Украіна і Расея правялі новы этап вялікага абмену палоннымі. Сёння, 20 чэрвеня, дадому вярнуліся параненыя і цяжкахворыя абаронцы.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Telegram.
«Большасць воінаў, якія вяртаюцца сёння з расейскага палону, знаходзілася там больш за два гады. І вось нарэшце яны дома», – паведаміў прэзідэнт Украіны.
Гэта абаронцы Марыюпаля, Данецкай, Луганскай, Запарожскай, Херсонскай, Харкаўскай і Чарнігаўскай абласцей. Дадому вярнуліся прадстаўнікі Ваенна-марскіх сілаў, Сухапутных войскаў, ТРА, ДШВ, Сілаў беспілотных сістэмаў, а таксама памежнай службы і Нацгвардыі.
Параненыя і цяжкахворыя
Каардштаб у пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі адзначае, што вызваленыя воіны маюць цяжкія раненні і істотныя праблемы са здароўем.
«Усе вызваленыя сёння абаронцы маюць раненні ці цяжкія медыцынскія дыягназы: эпілепсія, гіпертанія, ішэмічная хвароба сэрца, праблемы са зрокам, хваробы апорна-рухальнага апарату, кілы, хранічныя хваробы органаў стрававання. У многіх вызваленых дыягнаставаная страта вагі», – гаворыцца ў паведамленні.
Усе вызваленыя сёння абаронцы адносяцца да салдацкага і сяржанцкага складу. Сярод вызваленых ёсць абаронцы Марыюпаля, якія ўтрымліваліся ў палоне з 2022 года.
У Каардштабе дадалі, што абменны працэс прадаўжаецца, а дакладная колькасць вызваленых асобаў будзе абвешчаная пасля заканчэння ўсіх этапаў абмену.
Амбудсмэн у правах чалавека Дзмітрый Лубінец удакладніў, што самаму старэйшаму вызваленаму – 60 гадоў.