BE RU EN

«Сілаў, цярпення і пачку кабанасаў»

  • 20.06.2025, 15:38

Ізноў калапс, беларусы стаяць на мяжы.

На адзіным адкрытым пункце на польска-беларускай мяжы – калапс. Каб з'ехаць у адпачынак у Еўропу, беларусы стаяць у чарзе 6–12 гадзінаў. Вярнуцца дадому яшчэ больш складана: у чарзе можна правесці амаль 20 гадзінаў, паведамляе.

А наперадзе – гарачыя выходныя. Калі вы якраз едзеце на адпачынак ці, наадварот, плануеце вяртацца пасля еўрапейскіх вакацыяў, падрыхтуйцеся да экстрэмальнага праходжання мяжы.

Дасведчаныя падарожнікі на просьбу Еўрарадыё расказалі, як прайсці гэты квэст і не зненавідзець падарожжы, Еўропу і памежныя службы абедзвюх краінаў.

Дарога ў Еўропу: дзе паесці і як прайсці ў прыбіральню

Лікі на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэта не надта палохаюць: на выезд з Беларусі ў пункце пропуску «Брэст» стаяць усяго 12 аўтобусаў. Але ў чатах пішуць, што працэс чакання можа задоўжыцца на 12 гадзінаў. Карыстальнікі памежных чатаў, пакідаючы справаздачы аб праходжанні мяжы, зычаць адзін аднаму «сілаў і цярпення».

Артур часта падарожнічае з Беларусі ў Еўропу. Вось ягоныя лайфхакі выжывання на мяжы:

– Рыхтуючыся да перасячэння мяжы, трэба адразу меркаваць, што можна на ёй затрымацца на суткі. І таму прадумаць, дзе і як увесь гэты час вы будзеце есці.

Усё праходжанне мяжы можна падзяліць прыкладна на чатыры этапы. Першы – гэта чарга да ўезду ў памежную зону да КПП. На гэтым адрэзку пытанне ежы не стаіць. Да КПП ёсць магчымасць набыць і ежу, і ваду. Тут ёсць біяпрыбіральні і адна звычайная цывілізаваная бясплатная прыбіральня. Ёсць лавачкі, абсталяваныя зоны, дзе можна адпачыць.

Але ж паколькі ў Беларусі ўвялі электронную чаргу для тых, хто едзе праз прапускны пункт «Брэст», перад КПП аўтамабілі доўга не стаяць. Могуць затрымацца толькі пасажыры ў рэйсавых і турыстычных аўтобусах. Але многія з іх карыстаюцца опцыяй «заплаціць і перасесці ў аўтобус, які стаіць бліжэй да КПП».

Другі этап – ад КПП да заканчэння пашпартнага кантролю. На гэтым этапе можна набыць каву, гамбургеры, шаўрму. Прыбіральня тут толькі платная, яна знаходзіцца на тэрыторыі памежнага сэрвісу. Тут ж абсталяваныя пляцоўкі для прыёму ежы і адпачынку, ёсць лавачкі і столікі ў цені.

А вось пасля праходжання пашпартнага кантролю ваш аўтобус можа надоўга затрымацца на мосце. Калі не ўзялі з сабой ежу і ваду, на гэтым этапе зможаце ў крайнім выпадку зайсці ў Duty free. Тут ёсць біяпрыбіральні.

Усе бутэрброды з запасаў лепш з'есці да ўезду на польскія каналы – везці з сабой у Польшчу малочныя прадукты, мяса і гародніну нельга. Але ў вас будзе час гэта зрабіць, бо перад уездам да польскіх памежнікаў можна прастаяць вельмі доўга. І тады можаце хамячыць, хамячыць, хамячыць. Галоўнае – заехаць «пустым», без прадуктаў.

Заехалі? З гэтага моманту вы ўжо нідзе не набудзеце ежы. Няхай да гэтага часу ў вас застанецца пара шакаладак, дзве бутэлькі вады і бананы, таму што немагчыма прадказаць, на колькі вы «завіснеце» на пашпартным кантролі ў палякаў. Прыбіральня тут каштуе 3 злотыя (лепш, каб у вас з сабой былі польскія манеты).

Але як толькі пройдзеце мяжу, можаце ехаць адразу ў кавярню пры гатэлі Pajero. Ён знаходзіцца побач з міжнароднай шашой Е-30 і за 20 км ад мяжы з Беларуссю. Яшчэ ніхто галодным адтуль не з'ехаў.

Нагадаю, што цыгарэты з Беларусі ў Польшчу правозіць нельга. Ні звычайныя, ні электронныя. І ні грама моцнага алкаголю. Кожны раз у аўтобусе знаходзіцца пасажыр, які «не ведаў» і атрымлівае за гэта вялікі штраф. Так што так: ЗУСІМ нельга.

Вярнуцца дадому

Сёння беларусы пісалі ў памежных чатах, што правялі на мяжы блізу 10 гадзінаў. А ўсяго дзень таму лік была амаль удвая вышэйшы. Якой будзе сітуацыя да выходных – прадказаць складана, але перад выездам у бок дому лепш набыць лішні пачак «кабанасаў» (польскія каўбаскі) у «Бедранцы».

Мы папрасіла Кірылу, які часта ездзіць у госці да сваякоў у Беларусь, расказаць пра тое, як ён прымушае сябе зноў і зноў садзіцца ў аўтобус (і дзе паесці на мяжы).

– Пра тое, што будзеце есці ў дарозе, падумайце яшчэ да выезду. І мяркуйце, што «ссабойкі» вам павінна хапіць на суткі. Першы адрэзак шляху – ад Варшавы да памежнага з Беларуссю горада Тэрэспаль. На гэтым этапе пад’есці зможаце, калі захочаце і ў любых аб'ёмах.

Да ўезду на польскі КПП вы можаце прастаяць гадзіны, і ў гэты час спадзявацца можна толькі на прадукты, якія ўзялі з сабой. У крайнім выпадку можна рвануць вось сюды і што-небудзь набыць.

На гэтым адрэзку ёсць толькі адна біяпрыбіральня. Большасць турыстаў карыстаюцца пяцідзесяціметровай зонай кустоўя ля дарогі.

І вось вы заязджаеце на каналы – гэта значыць, туды, дзе будзеце праходзіць пашпартны і мытны кантроль. Тут з польскага боку можна набыць толькі каву, ежы ўвогуле няма, а прыбіральня – толькі платная (3 злотыя).

Пасля гэтага вашыя пакуты не сканчаюцца. Вы можаце надоўга затрымацца «на елцы». На «елцы» ўвогуле нічога няма, але можна бясплатна збегаць у прыбіральню ў будынак, дзе праходзяць кантроль аўтобусы і пасажыры.

Як толькі вы пройдзеце кантроль у польскіх памежнікаў, з крамаў у вас застанецца толькі Duty free. Наступным разам магчымасць набыць ежы з'явіцца пасля праходжання беларускага памежнага кантролю, а гэты працэс можа задоўжыцца на многія гадзіны.

У гэтым сэнсе часам зручней падарожнічаць аўтобусам, чым ездзіць на аўто. У некаторых з іх і прыбіральня ёсць, і каву можна набыць у кіроўцы.

Увогуле, як і пішуць у памежных чатах – вам спатрэбяцца сілы, цярпенне, лішняя бутэлька вады і пачак «кабанасаў» у заплечніку.

Апошнія навіны