Жаночай камандзе Сенегала ў баскетболе забаранілі ўезд у ЗША
- 20.06.2025, 17:33
Спартоўкам не выдалі візы.
Жаночая каманда Сенегала ў баскетболе не зможа правесці трэніровачны лагер у ЗША ў рамках падрыхтоўкі да «Афрабаскета-2025» праз адмову ў выдачы візаў некалькім чальцам каманды.
Пра гэта паведамляе InsideTheGames.
Пяцёра гульцоў і 13 чальцоў персаналу каманды Сенегала планавалі далучыцца да партнёрак у камандзе і трэнераў, якія ўжо знаходзяцца ў ЗША, каб падрыхтавацца да жаночага «Афрабаскету-2025», які запланаваны на наступны месяц у Кот-д'Івуары. Аднак іх заяўкі на візы не былі ўхваленыя.
Прэм'ер-міністр Сенегала Усман Сонка заявіў, што каманда цяпер будзе праводзіць падрыхтоўку да будучых спаборніцтваў у Дакары.
Адзначаецца, што адмова ў візах адбылася на фоне новых прапановаў амерыканскай адміністрацыі ва ўзмацненні абмежаванняў на паездкі грамадзянаў блізу 25 афрыканскіх краінаў, у тым ліку Сенегалу.