Прэм'ер Арменіі прыбыў у Турцыю з гістарычным візітам
- 20.06.2025, 18:08
Нягледзячы на агульную мяжу, паміж Турцыяй і Арменіяй няма дыпламатычных стасункаў.
Самалёт з прэм'ер-міністрам Ніколам Пашынянам прызямліўся раніцай 20 чэрвеня ў міжнародным аэрапорце Стамбула, дзе яго сустрэў намеснік міністра замежных справаў Турцыі Бэрыс Экінджы, паведаміла прэс-служба армянскага ўраду і апублікавала кадры гэтай сустрэчы. Там удакладнілі, што Пашынян прыбыў у Турцыю з «працоўным візітам».
Днём прэм'ер сустрэнецца з прадстаўнікамі мясцовай армянскай супольнасці, а вечарам – з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.
У склад армянскай дэлегацыі, акрамя Пашыняна, увайшлі 12 чалавек. Сярод іншых прэм'ера суправаджаюць міністр замежных справаў Арменіі Арарат Мірзаян, намеснік кіраўніка МЗС Ваан Кастанян, віцэ-спікер парламента, спецпрадстаўнік у нармалізацыі стасункаў паміж Ерэванам і Анкарой Рубен Рубінян.
Нягледзячы на агульную мяжу, паміж Турцыяй і Арменіяй няма дыпламатычных стасункаў. У 2009 годзе ў Цюрыху кіраўнікі МЗС дзвюх дзяржаваў падпісалі пратаколы аб устанаўленні дыпламатычных стасункаў, аднак дакументы не былі ратыфікаваныя. У сакавіку 2018 года Ерэван абвясціў аб іх ануляванні.
У чэрвені 2023 года Пашынян наведаў Турцыю для ўдзелу ў цырымоніі інаўгурацыі прэзідэнта Эрдагана.
У пачатку чэрвеня 2025 года Пашынян і Эрдаган правялі тэлефонныя перамовы. Палітыкі абмеркавалі двухбаковыя стасункі і рэгіянальныя пытанні і дамовіліся прадоўжыць дыялог.