BE RU EN

Пуцін: Уся Украіна – наша

  • 20.06.2025, 19:25

Дыктатар РФ зрабіў шэраг цынічных заяваў на эканамічным форуме ў Пецярбургу.

Нягледзячы на няспынныя амаль у штодзённым рэжыме бамбаванні ўкраінскіх гарадоў, падчас якіх гінуць і атрымліваюць раненні дзясяткі мірных жыхароў, дыктатар РФ Уладзімір Пуцін уважае расейцаў і ўкраінцаў за адзін народ. «Я ўжо гаварыў, што ўважаю расейскі і ўкраінскі народ за адзін народ. У гэтым сэнсе ўся Украіна – наша», – заявіў ён падчас выступу на міжнародным эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу (ПМЭФ).

Пуцін таксама паведаміў пра нібыта старажытнае правіла, паводле якога, на ягоную думку, захопленае расейскім войскам пераходзіць ва ўласнасць Масквы: «Вы ведаеце, у нас ёсць старадаўняе правіла: там, дзе ідзе нага расейскага салдата, тое нашае».

Пры гэтым, развіў дыктатар сваю думку, у Крамля няма імкнення дамагчыся ад Кіева капітуляцыі – Расея настойвае на «прызнанні Украінай рэалій, якія склаліся на зямлі». Так ён пракаментаваў сцвярджэнні вядоўцы сесіі ПМЭФ, што пазіцыя РФ датычна Украіны аналагічная патрабаванню прэзідэнта Дональда Трампа пра капітуляцыю Ірана ў кантэксце праграмы стварэння ім ядзернай зброі.

Акрамя гэтага, Пуцін заявіў, што не выключае далейшага захопу ўкраінскіх Сумаў расейскім войскам. «У нас няма такой задачы – забраць Сумы. Але, у прынцыпе, я гэтага не выключаю, аднак адзначыў, што цяпер такой задачы няма», – сказаў ён, дадаўшы, што падраздзяленні УС РФ нібыта прадаўжаюць наступ ва Украіне «па ўсіх кірунках».

Гэта, аднак, не перашкодзіла дыктатару заявіць, што Расея неаднаразова на кожным этапе «СВА» прапаноўвала Украіне дамовіцца пра прыпыненне баявых дзеянняў. «Мы гаварылі: “Давайце цяпер лепш дамаўляцца, таму што логіка развіцця ваенных дзеянняў можа прыводзіць да таго, што ваша сітуацыя будзе пагаршацца, і тады нам давядзецца весці з вамі перамовы з іншых, горшых для вас пазіцый”. Так было некалькі разоў», – адзначыў ён і паведаміў пра наяўнасць «сведкаў» гэтага, маючы на ўвазе замежных палітыкаў.

Апошнія навіны