Навукоўцы: Змяненне клімату здольнае памяняць смак джыну з тонікам
- 20.06.2025, 19:39
Якасць папулярнага напою знаходзіцца ў прамой залежнасці ад надвор'я.
Няўстойлівыя ўмовы надвор'я ўплываюць на смак ягадаў ядлоўцу ў складзе джыну, і не ў лепшы бок. Праблема абвастраецца праз кліматычныя катаклізмы.
Да такіх высноваў прыйшлі навукоўцы з Міжнароднага цэнтра піваварства і вінакурэння (ICBD) у Шатландыі, піша The Guardian.
Навукоўцы пераганялі ягады ядлоўцу з розных рэгіёнаў Еўропы, у тым ліку Албаніі, Босніі, Македоніі, Чарнагорыі, Сербіі, Косава і Італіі, а таксама розных гадоў ураджаю.
Яны аналізавалі атрыманыя спірты з дапамогай газавай храматаграфіі, каб вымераць узроўні ключавых смакавых злучэнняў.
Як высветлілася, ягады з кожнага рэгіёну маюць розны хімічны склад.
Гэтыя адрозненні могуць уплываць на драўняныя, смалістыя, цытрусавыя і кветкавыя ноты ў джыне.
Пры гэтым ягады, як і віно, маюць свой рэгіянальны тэруар, які залежыць ад колькасці ападкаў і сонечнага святла.
Колькасць ападкаў у пэўным годзе істотна ўплывае на смак ягад. Так, больш вільготнае надвор'е вядзе да больш доўгіх перыядаў сушкі ягадаў. А гэта прыводзіць да значнай змены ўтрымання водарастваральных хімікатаў у ягадах.
Было вызначана, што вільготны год збору ўраджаю можа знізіць агульнае ўтрыманне лятучых злучэнняў у ядлоўцы прыкладна на 12% у параўнанні з сухім годам.
Такім чынам, уплыў больш вільготнага надвор'я на водарастваральныя хімічныя рэчывы ў ягадах ядлоўцу наўпрост уздзейнічае на сэнсарныя характарыстыкі, якія робяць джын смачным.
Для вытворцаў дыстылятаў усё гэта азначае, што смакавы профіль джыну можа мяняцца ў залежнасці ад умоваў збору ўраджаю.
Як вядома, вытворцы джыну прэміюм-класу старанна адбіраюць ягады з пэўных рэгіёнаў, каб захаваць асаблівы смак і фірмовы стыль напою.
Працэсы вытворчасці могуць быць парушаныя праз змену кліматычных умоваў і тое, што ў некаторых рэгіёнах выпадае больш ападкаў, чым у іншых.