Пуцін: Куды крочыць нага расейскага салдата – тое наша
- 20.06.2025, 21:01
Дыктатар РФ зноў пагражае Украіне.
Дыктатар Расеі Уладзімір Пуцін пракаментаваў прасоўванне расейскіх вайскоўцаў ва Украіне і не выключыў «узяцця» Сумаў. Свае заявы ён зрабіў 20 чэрвеня, выступаючы на пленарным пасяджэнні Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму, яго цытуе расейскае інфармацыйнае агенцтва РБК.
«У нас ёсць старадаўняе – не прымаўка, не прытча, а правіла: куды крочыць нага расейскага салдата – тое наша», – адказаў Пуцін на пытанне пра войскі РФ на ўкраінскіх тэрыторыях.
Таксама ён заявіў, быццам РФ на розных этапах прапаноўвала Украіне «спыніцца і дамаўляцца», папярэджваючы Кіеў, што «горш будзе».
У адказ на пытанне пра меркаваныя «зоны бяспекі» ў Сумскай вобласці кіраўнік Крамля заявіў, што не выключае спробы захапіць Сумы.
«У Сумскай вобласці глыбіня складае недзе ад 10 да 12 км, недзе там 8, 10, 12 км. Далей горад Сумы, абласны цэнтар. У нас няма такой задачы – забраць Сумы, але, у прынцыпе, я гэтага не выключаю», – сказаў Пуцін.