Зяленскі жорстка адказаў «аяталу Пуціну»
- 20.06.2025, 21:07
Дыктатар РФ зможа ўбачыць на прыкладзе Ірана, што пагражае ягонаму рэжыму.
Расейцы сёння адкрыта прадэманстравалі сваё жаданне прадаўжаць вайну супраць Украіны. Але расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін можа ўбачыць на прыкладзе Ірана, што пагражае падобным рэжымам.
Пра гэта паведамляе Charter97.org са спасылкай на вечаровы зварот прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ён даручыў украінскім чыноўнікам рыхтаваць дадатковыя магчымасці для супрацоўніцтва ў рамках «кааліцыі ахвотных». Гэта дапаможа ўмацаваць архітэктуру бяспекі Еўропы.
Зяленскі нагадаў, што ў Крамлі ўжо не хаваюць намеру ваяваць далей. Гэта сведчыць альбо пра тое, што ціск Захаду яшчэ не прыносіць чаканага эфекту, альбо пра тое, што расейская ўлада імкнецца дэманстраваць візію ўстойлівасці.
«Расейская эканоміка ўжо дэградуе. Падтрымаем гэты працэс яшчэ болей. “Аятала” Пуцін можа ўбачыць на сваіх сябрах у Іране, да чаго прыходзяць такія рэжымы і да якой адсталасці яны даводзяць сваю краіну. Будзе больш нашых ідэяў для аднаўлення бяспекі», – дадаў ён.