BE RU EN

У Жэневе закончыліся перамовы Нямеччыны, Вялікай Брытаніі і Францыі з Іранам

  • 20.06.2025, 21:40

Яны датычыліся іранскай ядзернай праграмы.

У Жэневе закончыліся перамовы міністраў замежных справаў Нямеччыны, Францыі і Вялікай Брытаніі з калегам з Ірана наконт іранскай ядзернай праграмы, паведамляе DW у пятніцу, 20 чэрвеня.

У перамовах удзельнічалі кіраўнікі МЗС Нямеччыны Ёхан Вадэфуль, Францыі Жан-Наэль Баро, Вялікай Брытаніі Дэвід Лэмі, кіраўнік знешнепалітычнай установы Еўрапейскага Звязу Кая Калас і міністр замежных справаў Ірана Абас Арагчы.

Пасля заканчэння трохгадзіннай сустрэчы Вадэфуль расказаў пра «сур'ёзныя перамовы», паводле вынікаў якіх у яго склалася ўражанне, што іранскі бок прынцыпова гатовы да дыялогу. «Пазітыўным вынікам сёння з'яўляецца тое, што мы пакідаем пакой з уражаннем, што іранскі бок прынцыпова гатовы прадаўжаць абмеркаванне ўсіх важных пытанняў», – сказаў нямецкі міністр.

«Увесь рэгіён знаходзіцца ў надзвычай крытычнай сітуацыі, і наша агульная мэта – унікнуць далейшай эскалацыі і дамагчыся прагрэсу ў перамовах», – падкрэсліў Вадэфуль, дадаўшы, што для еўрапейцаў важна ўдзельнічаць у гэтых перамовах. «Але перш за ўсё, вельмі важна, каб Злучаныя Штаты Амерыкі былі задзейнічаныя ў гэтых перамовах і ў пошуку ідэі», – дадаў ён. Пры гэтым абарона інтарэсаў бяспекі Ізраіля – прыярытэт для Нямеччыны, зазначыў кіраўнік МЗС ФРГ. «Мы будзем аддаваць гэтаму прыярытэтную ўвагу ва ўсіх будучых перамовах», – падкрэсліў міністр.

Брытанскі міністр замежных справаў Дэвід Лэмі таксама заклікаў Іран прадаўжаць перамовы з ЗША пра скарачэнне ядзернай праграмы. «Гэта небяспечны момант, і вельмі важна, каб мы не сталі сведкамі рэгіянальнай эскалацыі гэтага канфлікту», – дадаў ён.

Раней прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон раскрыў чатыры пункты прапановы, якія плануецца абмяркоўваць на перамовах. Па-першае, размова ідзе пра аднаўленне працы МАГАТЭ з доступам да ўсіх аб'ектаў, каб Іран перайшоў да поўнага спынення ўзбагачэння ўрану.

Два наступныя пункты датычацца абмежаванняў у вытворчасці балістычных ракетаў і спыненні фінансавання тэрарыстычных групаў у рэгіёне. Чацвёртае патрабаванне – гэта вызваленне Іранам закладнікаў.

Апошнія навіны