BE RU EN

Іран тэстуе ўласны «Арэшнік на мінімалках»

  • 21.06.2025, 9:35

Што вядома аб балістычнай ракеце, якая ўдарыла па Ізраілі.

19 чэрвеня Іран упершыню ўжыў па Ізраілю новую балістычную ракету сярэдняй далёкасці. Яна вельмі нагадвае расейскую ракету «Арэшнік», хоць і менш магутная і створаная паводле больш простых тэхналогій.

Пра гэта паведамляе Defence Exspress.

Падчас ранішняга ўдару 19 чэрвеня Іран ужыў новы тып ракет сярэдняй далёкасці. Іх асаблівасць у наяўнасці незвычайнай баявой часткі - замест манаблока ў іх змяшчаецца амаль 20 суббоепрыпасаў.

Гэтая ракета патрапіла па горадзе Азоры паблізу Тэль-Авіва, і гэта стала першым выпадкам выкарыстання такога тыпу ўзбраення Іранам.

Новы тып - новая пагроза для мірнага насельніцтва

Паводле інфармацыі камандавання войска Ізраілю, кожны з суббоепрыпасаў змяшчае прыблізна 2,5 кг выбухоўкі. Раскрыццё баявой часткі адбываецца на вышыні блізу 7 км, пасля чаго набоі рассейваюцца ў радыусе да 8 км.

Пакуль сапраўды не ўстаноўлены тып гэтай ракеты, але сярод магчымых варыянтаў называюць Khorramshahr-4 Kheibar.

Ізраіль назваў новую баявую частку касетнай. Аднак улічваючы яе канструкцыю, больш падыходзіць параўнанне з паасобнай галаўной часткай, якую выкарыстоўваюць у балістычных ракетах для ўскладнення перахопу і нанясення ўдараў па некалькіх цэлях адначасова.

Аналаг расейскага «Арэшніка», але на мінімалках

Паводле аналагічнай схемы працуе расейская ракета сярэдняй далёкасці «Арэшнік», а таксама міжкантынентальныя ракеты з MIRV (Multiple Independently Tarjetable Reentry Vehicle).

Разам з тым, іранская ракета, магчыма, выкарыстоўвае прасцейшую сістэму MRV - рассейванне блокаў без індывідуальнага навядзення.

Тэхнічнае параўнанне з МБР ЗША і СССР

Упершыню сістэма MRV была ўжытая на амерыканскай Polaris A-3 у 1964 годзе. СССР адказаў шахтавай Р-36П (1970) і падводнай Р-27У (1974), кожная з якіх несла па тры ядзерныя баявыя часткі.

Аднак у адрозненне ад гэтых узораў, іранская ракета рассейвае суббоепрыпасы на значна ніжэйшай вышыні - усяго 7-8 км.

Новы выклік для ізраільскай сістэмы супрацьракетнай абароны

Каб эфектыўна нейтралізаваць пагрозу, яе трэба збіваць яшчэ да падзелу баявых элементаў - на вялікай адлегласці, з дапамогай сістэм Arrow-3 ці THAAD. Калі ж падрыў адбудзецца над горадам, суббоепрыпасы ўсё адно ўпадуць у межах агламерацыі.

Такім чынам, адзінай надзеяй для перахопу на найбліжэйшай адлегласці застаецца сістэма Iron Dome. Але вялікая колькасць суббоепрыпасаў можа яе перагрузіць. Хутчэй за ўсё, менавіта гэта і адбылося падчас удару 19 чэрвеня, бо ізраільская СПА не гарантуе абарону ад маштабных нападаў, нават нягледзячы на актыўныя ўдары ЦАХАЛу па іранскіх пускавых устаноўках і заводах.

Апошнія навіны