BE RU EN

Сіноптыкі збянтэжылі беларусаў прагнозам надвор'я на нядзелю

  • 21.06.2025, 18:09

Да моцнага ветру да 72 км/г дадасца яшчэ адзін фактар.

Сонечнае і сухое надвор'е, якое ўстанавілася на тэрыторыі Беларусі ў суботу, 21 чэрвеня, мяркуючы з аператыўных прагнозаў афіцыйных сіноптыкаў, пратрымаецца нядоўга. Ужо заўтра на ўсёй тэрыторыі краіны ўстановяцца небяспечныя варункі надвор'я: Белгідрамет выпусціў «аранжавае» папярэджанне. Даведаліся пра ўсе «фактары небяспекі», якія варта ўлічыць беларусам у выходныя.

Згодна з прагнозам Белгідрамета на 22 чэрвеня, на ўсёй тэрыторыі рэспублікі заўтра паўночна-заходні вецер узмоцніцца да небяспечнага ўзроўню: яго хуткасць пры парывах можа дасягаць небяспечных 15-20 м/с (што эквівалентна 72 км/г). У чатырох з шасці абласцей да гэтага фактару небяспекі дадасца яшчэ адзін - моцныя навальніцы. Да іх трэба быць гатовым жыхарам наступных рэгіёнаў:

Меншчыны,

Віцебшчыны,

Гомельшчыны,

Магілёўшчыны.

Не выключаныя навальніцы і ў Берасцейскай вобласці, але іх інтэнсіўнасць Белгідрамет ацаніў як «патэнцыйна небяспечную», гэта значыць, «жоўтага» ўзроўню.

Фота: Telegraf.news

Як падрыхтавацца да ветранага надвор’я?

У сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор'я ў МНС нагадалі аб карысных рэкамендацыях, якія дапамогуць пазбегнуць непрыемных наступстваў разгулу стыхіі. Каб падрыхтавацца да магчымага ўзмацнення ветру, у МНС параілі прыбраць гаспадарчыя рэчы з двара і балконаў у дом або падвал, а ўласнікам прыватных дамоў загадзя абрэзаць сухія дрэвы або іх галінкі, якія могуць абламацца пад моцным парывам ветру і пашкодзіць дом або аўто.

З гэтай жа мэтай ратавальнікі рэкамендавалі аўтамабілістам паставіць аўтамабілі ў гараж ці хаця б не паркавацца пад дрэвамі і ля слаба ўмацаваных канструкцый.

«На вуліцы абыходзьце хісткія будынкі і дамы з няўстойлівым дахам. Пазбягайце дрэў і разнастайных збудаванняў падвышанай рызыкі (мастоў, эстакад, трубаправодаў, ліній электраперадач, патэнцыйна небяспечных прамысловых аб'ектаў)», - заклікалі выратавальнікі.

У МНС Менскай вобласці наглядна паказалі, што можа здарыцца, калі занядбаць гэтыя рэкамендацыі. У пятніцу, 20 чэрвеня, пасля праходжання навальнічнага фронту ім давялося тройчы выязджаць на дапамогу пацярпелым ад моцнага ветру для распілоўкі і ўборкі паваленых дрэў - у Салігорскі, Пухавіцкі і Бярэзінскі раёны. На шчасце, на гэты раз абышлося без пацярпелых людзей.

Якое надвор'е чакаць на наступным тыдні?

Згодна з прагнозам Белгідрамета на найбліжэйшыя тры дні, у панядзелак уначы на ўсходзе краіны адаб'ецца ўплыў няўстойлівай прахалоднай паветранай масы, а ўжо ўдзень на захад пачне перамяшчацца франтальны раздзел і цёплыя паветраныя масы з поўдня Польшчы. Аднак ужо ў аўторак, як спрагназавалі сіноптыкі, актыўная сістэма франтоў пачне перамяшчацца на ўсход, а за ёй на тэрыторыю Беларусі пачнуць паступаць прахалодныя паўночнаатлантычныя паветраныя масы. У выніку надвор'е спрагназавалі наступнае:

23 чэрвеня (панядзелак)

Воблачнасць: пераменная, месцамі кароткачасовыя дажджы (уначы на ўсходзе, удзень па рэспубліцы).

Навальніцы: удзень магчымыя на захадзе краіны.

Туман: слабы, уначы і раніцай у асобных раёнах.

Вецер: сярэдні, няўстойлівы; удзень на захадзе парывісты.

Тэмпература:

Уначы: +5..+11°С

Удзень: +18..+25°С (на паўднёвым захадзе да +27°С).

24 чэрвеня (аўторак)

Воблачнасць: пераважна воблачна, удзень з прасвятленнямі.

Ападкі: дажджы на большай частцы тэрыторыі, уначы і раніцай месцамі моцныя.

Навальніцы: у асобных раёнах.

Вецер: паўднёвы → заходні, парывісты; уначы месцамі, удзень у многіх раёнах моцны парывісты.

Тэмпература:

Уначы: +9..+16°С

Удзень: +16..+23°С.

Апошнія навіны