У ЕЗ папярэдзілі Грузію
- 21.06.2025, 16:16
Гістарычны шанец на сяброўства можа быць страчаны надоўга.
Амбасадар Еўрапейскага Звязу ў Грузіі Павел Герчынскі заявіў, што працэс еўраінтэграцыі краіны фактычна прыпынены, і Тбілісі рызыкуе надоўга страціць гістарычную магчымасць стаць сябрам ЕЗ.
Аб гэтым дыпламат сказаў падчас выступу ў Батумі з нагоды Дня Еўропы, яго цытуе партал SOVA.
Герчынскі падкрэсліў, што Грузія і Еўрапейскі Звяз маюць доўгую гісторыю паспяховага партнёрства, і гэтыя дачыненні прынеслі шмат карысці грузінскаму народу.
"Азірніцеся вакол, паглядзіце, што зрабіў для вас ЕЗ у вашых сёлах і гарадах", - адзначыў амбасадар.
Ён нагадаў, што ў 2023 годзе ЕЗ адчыніў дзверы для Грузіі, надаўшы ёй статус краіны-кандыдата на ўступленне ў Еўразвяз.
"Сёння еўрапейская інтэграцыя Грузіі прыпыненая. Крыўдна, што Грузія можа надоўга ўпусціць свой гістарычны шанец на сяброўства ў ЕЗ. Больш за тое, дэмакратыя Грузіі ўсё яшчэ знаходзіцца ў небяспецы", - падкрэсліў амбасадар.
Са слоў Герчынскага, сяброўства ў ЕЗ - гэта не абавязак, а магчымасць, заснаваная на суверэнным выбары народа і дзяржавы.
У канцы выступлення дыпламат падкрэсліў: калі Грузія вернецца на шлях дэмакратычнага развіцця, Еўрапейскі Звяз гатовы зноў працаваць разам над яе ўступленнем. "Мы ганарымся тым, што з'яўляемся сябрамі Грузіі", – падсумаваў Герчынскі.