У Беларусі прадаюць сапраўдную графскую сядзібу
- 21.06.2025, 17:08
Яе кошт упаў у 10 000 разоў.
Сядзіба графа Чарнышова-Круглікава, пабудаваная ў 1860 годзе, выстаўлена на продаж за адну базавую велічыню, або 42 рублі. Таргі пройдуць 30 чэрвеня на электроннай пляцоўцы Беларускай універсальнай таварнай біржы, піша office life.
Цікава, што ў чэрвені 2023 года сядзібу прапанавалі за 429 тыс. рублёў ($145 тыс. па тым курсе), але пакупніка не знайшлося.
У будынку багатая гісторыя. Па мясцовых легендах тут спыняліся расейская імператрыца Кацярына II, імператары Мікалай I і Аляксандр II, а таксама, як кажуць, некалькі разоў гасцяваў А. С. Пушкін. Хаця некаторыя з гэтых выпадкаў пацверджаны, іншыя застаюцца толькі пагалоскамі.
Раней у сядзібе плошчай 1129 кв. м знаходзіўся дом піянераў. Згодна з умовамі продажу, новы ўладальнік павінен будзе падпісаць ахоўнае абавязанне і правесці рамонтныя работы на працягу двух гадоў пасля падпісання дамовы. Таксама аб'ект павінен выкарыстоўвацца для прадпрымальніцкай дзейнасці на працягу наступных двух год.