BE RU EN

Яблыкі ў Беларусі каштуюць даражэй за бананы

  • 21.06.2025, 19:50

Многім гэтая садавіна не па кішэні.

На календары лета. Але парадаваць свой арганізм адпаведнай сезону дыетай у Беларусі - задавальненне не з танных. Самыя звычайныя яблыкі могуць каштаваць у «краіне для жыцця» 5-7 рублёў - і гэта не мяжа, піша сайт bgmedia.

У буйных пастаўшчыкоў агульная праблема: дастаўка імпартных прадуктаў ускладнілася ў разы. Нагадаем, у канцы траўня ўрад Беларусі зняў забарону на ўвоз і рэалізацыю яблыкаў, бульбы і некаторай гародніны з т.зв. недружалюбных краін, у тым ліку дзяржаў ЕЗ. Але тыя ж яблыкі, якія ва ўсе часы лічыліся самай даступнай садавіной для нашых землякоў, сёння каштуюць даражэй за бананаў.

У берасцейскіх крамах сеткі «Еўраопт» яблыкі з Польшчы. Кошты вар'іруюцца ад 6,65 рубля за кілаграм уцэненага тавару да 7,39 рубля за гатунак «Голдэн дэлішэс». У Green можна набыць імпартныя яблыкі (Польшча, Расея, Азербайджан). Кошт - ад 5,99 да 7,17 рубля за кілаграм. У «Санце» ёсць толькі польскі «Голдэн» - па 6,99 рубля.

У «Кароне» трапіліся яблыкі з Малдовы - «Глостэр» па 6,53 рубля. На рынку прыкладна такія ж кошты. Самыя танныя яблыкі, відавочна не вельмі добрай якасці, прадаюцца за 4 рублі. І нельга сказаць, што іх расхопліваюць.

- Дорага для мяне, для маёй пенсіі. За гэтыя грошы я магу нешта больш істотнае купіць, напрыклад, паўтара-два дзясяткі яек. Так што буду чакаць на новы ўраджай. Думаю, у жніўні яблыкі стануць таннейшымі, - кажа немаладая берасцейка на рынку.

Але ці будуць яблыкі таннейшыя да канца лета? Вялікае пытанне, з улікам таго, што спадзевы на ўраджай садавіны сёлета рэзка скарацілі майскія замаразкі.

Апошнія навіны