BE RU EN

Трамп: Ключавыя ядзерныя аб'екты Ірана цалкам знішчаныя

  • 22.06.2025, 8:20

Прэзідэнт ЗША выступіў са зваротам да нацыі.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што авіяўдары Вашынгтона па трох ядзерных аб'ектах у Іране – у Форда, Натанзе і Ісфахане – былі «ўражлівым ваенным поспехам». Кіраўнік амерыканскай дзяржавы выступіў са зваротам да нацыі ў Белым доме ў суботу, 21 чэрвеня, паведамляе «Нямецкая хваля».

Амерыканскі лідар дадаў, што ключавыя ядзерныя аб'екты Ірана «цалкам знішчаныя» ў выніку ўдараў.

Прэзідэнт ЗША: Тэгеран павінен заключыць мір

Трамп падкрэсліў, што Тэгеран павінен заключыць мір, інакш «мы будзем атакаваць» іншыя цэлі ў Іране. «Будзе або мір, або трагедыя для Ірана, значна большая, чым тая, якую мы назіралі цягам апошніх васьмі дзён», – указаў кіраўнік Белага дому.

Ён таксама павіншаваў ізраільскага прэм'ера Біньяміна Нетаньяху, сказаўшы, што яны працавалі як «каманда», каб ухіліць гэтую «жахлівую пагрозу Ізраілю».

Трамп не стаў наўпрост згадваць пра магчымасць змены рэжыму ў Тэгеране. Замест гэтага ён даў зразумець, што ЗША мяркуюць, што аперацыя ў асноўным скончаная – пры ўмове, што Іран сядзе за стол перамоваў, удакладніла медыякампанія BBC.

ЗША перакінулі ў рэгіён значныя ваенныя сілы і сродкі, гэта, як адзначыў Трамп, гаворыць, што Вашынгтон пры неабходнасці гатовы дзейнічаць вельмі хутка.

Выступ Трампа доўжыўся блізу чатырох хвілінаў. Падчас звароту за спінай прэзідэнта ЗША стаялі віцэ-прэзідэнт Джэймс Дэвід Вэнс (Джэй Ды Вэнс), дзяржсакратар Марка Рубіа і міністр абароны Піт Хегсет.

Белы дом: Трамп перагаварыў з Нетаньяху пасля ўдараў

Пасля таго як амерыканскія вайскоўцы нанеслі ўдары па трох іранскіх аб'ектах, у амерыканскага лідара адбылася тэлефонная размова з прэм'ер-міністрам Ізраіля, паведаміў высокапастаўлены прадстаўнік Белага дому.

Злучаныя Штаты таксама «папярэдзілі Ізраіль перад ударамі», сказаў чыноўнік агенцтву AFP.

Нетаньяху выступіў з заявай датычна ўдараў ЗША. «Мы з прэзідэнтам Трампам часта гаворым: “Мір праз сілу”. Спачатку прыходзіць сіла, а потым мір», – указаў ён. «І сёння ўвечары прэзідэнт Трамп і Злучаныя Штаты дзейнічалі з вялікай сілай», – дадаў кіраўнік кабміна Ізраіля.

Прадстаўнікі Пентагона: ЗША скінулі бункерныя бомбы

Паводле звестак тэлекампаніі Fox News, пры нападзе на Форда былі выкарыстаныя шэсць бункерных бомбаў, а па іншых аб'ектах было выпушчана 30 крылатых ракетаў Tomahawk.

У сваю чаргу высокапастаўленыя прадстаўнікі Міністэрства абароны ЗША заявілі, што падчас нападаў выкарыстоўваліся бункерныя бомбы GBU-57A, прычым на кожны з ядзерных аб'ектаў было скінута дзве з іх, паведаміла медыякампанія BBC.

Апошнія навіны