Белы дом паказаў, як і дзе Трамп сачыў за ўдарамі ЗША па Іране
- 22.06.2025, 10:50
Побач знаходзіліся Рубіа і Вэнс.
У той час як амерыканскія бамбавікі атакавалі ядзерныя аб'екты Ірана, у тым ліку ў Форда, Ісфахане і Натанзе, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і чальцы ягонай каманды знаходзіліся ў Сітуацыйным пакоі.
Пра гэта паведамілі ў Белым доме, публікуючы 22 чэрвеня ў сасцеці Х серыю здымкаў, якія былі зробленыя ў момант атакі.
На фота акрамя Дональда Трампа прысутнічаюць віцэ-прэзідэнт Джэй Ды Вэнс, дзяржсакратар Марка Рубіа, кіраўніца апарату Белага дому Сьюзі Уайлс, кіраўнік Пентагона Піт Хегсет.
Паводле адкрытых звестак, Сітуацыйны пакой – гэта комплекс з некалькіх памяшканняў Белага дому, размешчаны на першым паверсе заходняга крыла. Пакой выкарыстоўваецца прэзідэнтам ЗША, а таксама ягонымі дарадцамі, прадстаўнікамі войска і спецслужбаў з мэтай папярэджання або пераадолення крызісных сітуацый для аператыўнага прымання пастановаў у надзвычайных пытаннях унутры краіны ці за мяжой.
У ноч на 22 чэрвеня Дональд Трамп абвясціў пра авіяўдары па трох ядзерных аб'ектах на тэрыторыі Ірана. Паводле ягоных словаў, амерыканскія вайскоўцы нанеслі ўдары па аб'ектах у Форда, Натанзе і Ісфахане.
Пасля Трамп заявіў, што былі «цалкам і канчаткова знішчаны» ключавыя ядзерныя аб'екты Ірана.