У Кітаі стварылі робата, які прыбірае ў гатэлі і нават даглядае кветкі
- 22.06.2025, 13:57
Гуманоідны робат атрымаў імя H1.
У Кітаі стварылі гуманоіднага робата, які можа прыбіраць у гатэльных нумарах. Вынаходства можа самастойна мыць падлогу, напаўняць запасы сродкаў асабістай гігіены і нават чысціць унітазы шчоткай. Пра гэта піша Forbes.
Гэты робат атрымаў імя H1 і здольны перазагрузіць гатэльную індустрыю, якая пацярпела падчас пандэміі COVID-19.
«Zerith H1 мае тулава – вышыня якога рэгулюецца ад узроўню зямлі да 6,5 футаў (амаль два метры – рэд.) – прымацаванае да невялікай асновы, абсталяванай гнуткімі коламі. Яго рукі, якія маюць сем ступеняў свабоды, могуць даўжэць да прыкладна 2,5 фута (0,7 метра – рэд.). Ён абсталяваны штучным інтэлектам, датчыкамі і камерамі глыбіні, якія дазваляюць яму абыходзіць перашкоды і перасоўвацца па вузкіх калідорах і пакоях з рознай планіроўкай. Акумулятар працуе чатыры гадзіны», – апісваюць робата ў Forbes.
Кампанія-вытворца Zerith Robotics нядаўна паказала відэа, на якім можна ўбачыць, як робат працуе ў ванным пакоі нумара гатэля. Ён прафесійна кідае ручнікі ў кошык для бялізны, папаўняе запасы сродкаў гігіены, прыбірае на стальніцы і нават напаўняе вазу для кветак свежай вадой.
«Мы выбралі гатэльную галіну, таму што наша канчатковая мэта – увайсці ў побытавую сферу. Гатэлі служаць ідэальным стандартным сцэнарам, які вядзе да дамоў, з выразнымі патрабаваннямі і дадзенымі, якія можна паўторна выкарыстоўваць у побытавых умовах», – падкрэсліў у электронным лісце Мін Юхен, заснавальнік Zerith Robotics.
Адзначаецца, што кошт такога робата можа складаць блізу 13700 даляраў.