Швэйцарская кампанія прэзентавала робатаў з «носам»
- 22.06.2025, 15:36
Гэтая распрацоўка можа зэканоміць прадпрыемствам круглую суму.
Швэйцарская тэхналагічная кампанія ANYbotics прапанавала інавацыйнаю ідэю для выяўлення выцечак газу на небяспечных прамысловых аб'ектах. Новы модуль Gas Leak and Presence Detection інтэграваны ў робата ANYmal і ўжо дэманструе эфектыўнасць на пілотных праектах, піша Interesting Engineering (пераклад – сайт Charter97.org).
Выкарыстоўваюцца модульныя газааналізатары і кругавая (360°) акустычная камера для выяўлення крыніцаў выцечак і вымярэння канцэнтрацыі газу ў паветры. Гэтая тэхналогія здольная выяўляць шырокі спектр выцечак, уключаючы пару, сціснутае паветра, вакуум, таксічныя газы і вуглевадароды.
Сістэма не толькі вызначае выцечкі, але і колькасна ацэньвае страты і іх кошт. Усе звесткі паступаюць у платформу кіравання звесткамі. Паводле звестак ANYbotics, нябачныя выцечкі могуць абыходзіцца прадпрыемствам больш як на $57000 за год.
«Нашая ідэя мяняе правілы гульні ў сферы прамысловага маніторынгу. ANYmal цяпер можа аўтаматычна знаходзіць выцечкі, ацэньваць страты і апавяшчаць персанал у рэжыме рэальнага часу», – заявіў выканальны дырэктар кампаніі Петэр Фанкхаўзер.
Тэхналогія павялічвае бяспеку, змяншае аперацыйныя выдаткі і дапамагае скараціць выкіды. Робат свабодна перасоўваецца ў цяжкадаступных зонах, замяняючы стацыянарныя датчыкі і зніжаючы рызыкі для чалавека.
Паводле словаў прадстаўнікоў кампаніі, ідэя ўжо паспяхова выкарыстоўваецца ў энэргетыцы, металургіі, здабычы карысных выкапняў і нафтагазавай галіне.