Амаль тысяча караблёў захраснула ў Персідскім заліве
- 23.06.2025, 20:22
Праз эскалацыю на Блізкім Усходзе.
Абвастрэнне сітуацыі на Блізкім Усходзе сур'ёзна ўскладніла суднаходства ў Персідскім заліве: з мінулага тыдня там утварыліся заторы з амаль тысячы караблёў. Пра гэта паведамляе S&P Global Global са спасылкай на ўдзельнікаў рынку.
Праз рост пагрозаў суднаўладальнікі абмяжоўваюць рух караблёў толькі дзённымі гадзінамі. У той самы час перабоі ў працы навігацыйных сістэмаў і сродкаў сувязі значна павялічваюць рызыку сутыкненняў у моры.
«Цяпер гаворка ідзе не толькі пра асцярогі магчымага нападу на караблі, але і пра непасрэдную праблему – як вывезці апошнія партыі грузаў з Персідскага заліва. Мы можам выкарыстоўваць толькі акно 16–18 гадзінаў за дзень для перамяшчэння замест звычайных 24 гадзінаў, што стварае заторы з караблёў», – адзначыла крыніца карпарацыі.
Іншая крыніца пацвердзіла, што страты сувязі з караблямі ў заліве вельмі частая з'ява. Перабоі з GPS перашкаджаюць навігацыі і абцяжарваюць выяўленне іншых караблёў, што павялічвае небяспеку аварый.
Адзін з такіх інцыдэнтаў ужо адбыўся 17 чэрвеня – паблізу порта Хаур-Факан у ААЭ сутыкнуліся танкеры Front Eagle і Adalynn. Гэта адбылося ў раёне Армузскага праліва, дзе раней папярэджвалі пра ўзмацненне электронных перашкодаў на фоне ірана-ізраільскай эскалацыі. Прычыны сутыкнення пакуль не апублікаваныя.
Збоі ў суднаходстве выклікалі беспрэцэдэнтны затор на адным з ключавых маршрутаў сусветнага гандлю энэрганосьбітамі, а таксама рэзкі рост фрахтавых ставак.
Паводле звестак S&P Global, праз Армузскі праліў штодня праходзіць блізу 20 млн бараляў нафты і нафтапрадуктаў, а таксама амаль 311 млн кубаметраў звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ).
22 чэрвеня парламент Ірана ўхваліў закрыццё Армузскага праліва, праз які праходзіць блізу 20 адсоткаў сусветных паставак нафты і газу.
Bloomberg адзначае, што пра магчымасць перакрыцця Іранам Армузскага праліва ў адказ на ўдары ЗША па ядзерных аб'ектах заяўляў таксама міністр замежных справаў Ірана Абас Арагчы.
У той самы час віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Ды Вэнс заявіў, што любыя спробы Ірана парушыць суднаходства праз Армузскі праліў будуць мець адваротны эфект з эканамічнага гледзішча.