СМІ: Іран папярэдзіў Катар пра будучы ўдар па базе ЗША
- 23.06.2025, 21:09
Каб звесці страты да мінімуму.
Іран папярэдзіў Катар пра блізкую атаку на амерыканскую базу, каб мінімізаваць страты, паведамілі The New York Times і Reuters іранскія крыніцы.
Суразмоўцы NYT растлумачылі, што Тэгерану было важна нанесці ўдар у адказ па аб'ектах ЗША, але ў той самы час пакінуць усім бакам прастору для манеўру і магчымасць спыніць эскалацыю.
Іран дзейнічаў падобным чынам у 2020 годзе, калі папярэдзіў Багдад пра намер атакаваць амерыканскую базу ў Іраку ў адказ на забойства генерала, растлумачылі іранскія крыніцы The New York Times.
Увечары 23 чэрвеня Іран нанёс удар па амерыканскай базе Аль-Удэйд, размешчанай у Катары. Гэта найбуйнейшая база ЗША на Блізкім Усходзе, там знаходзіцца штаб Цэнтральнага камандавання ЗША і размешчаны прыкладна 10 тыс. вайскоўцаў.
Улады Катара паведамілі пра перахоп усіх іранскіх ракетаў і назвалі тое, што адбылося, «абуральным парушэннем суверэнітэту і паветранай прасторы дзяржавы Катар, а таксама міжнароднага права і Статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый». МЗС Катара папярэдзіла пра гатоўнасць да прамога адказу, суразмернага характару і маштабаў іранскага нападу.
Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) Ірана заявіў, што ўдар быў нанесены ў адказ пасля «абуральнай ваеннай агрэсіі» ЗША супраць «мірных ядзерных аб'ектаў Ісламскай Рэспублікі Іран і парушэння міжнароднага права». Рада нацбяспекі Ірана запэўніла, што аперацыі Тэгерана «не нясуць пагрозы або небяспекі для сяброўскай і брацкай дзяржавы Катар і ягонага народа».