Генеральны сакратар NATO паабяцаў ваенную дапамогу Украіне на 35 млрд еўраў
- 23.06.2025, 21:54
Краіны Альянсу ўжо дамовіліся вылучыць Кіеву дапамогу на абаронныя патрэбы.
NATO прадоўжыць вылучаць Украіне неабходную ваенную падтрымку, заявіў генеральны сакратар Альянсу Марк Рутэ падчас прэс-канферэнцыі ў Гаазе, дзе 24–25 чэрвеня пройдзе саміт NATO. Паводле ягоных словаў, краіны-ўдзельніцы дамовіліся вылучыць Кіеву 35 мільярдаў еўраў на абаронныя патрэбы.
«Наша падтрымка Украіны застанецца цвёрдай і нязменнай. Новыя ацэнкі паказваюць, што еўрапейскія хаўруснікі і Канада актывізаваліся і гатовыя даць Украіне больш за 35 мільярдаў еўраў дадатковай дапамогі ў сферы бяспекі на наступны год», – адзначыў Рутэ (цытата паводле Politico).
Ён дадаў, што гэтая пастанова пацвярджае нязменную прыхільнасць Альянсу да падтрымкі Украіны. «Менавіта таму летась у Вашынгтоне хаўруснікі NATO прыйшлі да згоды, што шлях Украіны да ўступлення ў Альянс – незваротны. Гэта застаецца актуальным і сёння, і будзе актуальным пасля саміту», – сказаў генеральны сакратар.
Рутэ таксама адзначыў, што, нягледзячы на зніжэнне аб'ёмаў дапамогі з боку ЗША, Альянс захоўвае адзінства ў пытанні падтрымкі Украіны. Ён падкрэсліў, што NATO «катэгарычна настроенае прадаўжаць дапамогу» Кіеву.
Кіраўнік Альянсу асобна спыніўся на пагрозе з боку Масквы. «Расейская Федэрацыя застаецца самай сур'ёзнай і непасрэднай пагрозай для NATO. Масква прадаўжае вайну супраць Украіны, абапіраючыся на падтрымку Паўночнай Карэі, Ірана, Кітая, а таксама Беларусі», – заявіў ён.