Трамп заявіў аб спыненні агню паміж Ізраілем ды Іранам
- 24.06.2025, 7:31
Поўнае заканчэнне вайны чакаецца цягам дня.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў аб дасягненні дамоўленасці паміж Ізраілем і Іранам аб поўным спыненні агню.
Пра гэта ён паведаміў на платформе Truth Social, падкрэсліўшы вызначальную ролю ЗША ва ўрэгуляванні канфлікту.
Са слоў кіраўніка Белага дома, стораны ўзгаднілі спыненне агню, якое павінна пачацца паэтапна ўжо найбліжэйшым часам. Іран першым спыніць баявыя дзеянні, а праз 12 гадзін да рэжыму цішыні далучыцца Ізраіль. Поўнае заканчэнне вайны чакаецца на цягам дня.
«Віншуем усіх! Ізраіль ды Іран дасягнулі поўнага і ўсёабдымнага пагаднення аб спыненні агню... праз 24 гадзіны свет адзначыць афіцыйнае завяршэнне 12-дзённай вайны», — напісаў Трамп.
Прэзідэнт адзначыў, што гэты канфлікт мог доўжыцца гадамі і знішчыць увесь Блізкі Усход, аднак «дыпламатычныя намаганні ЗША не дазволілі гэтаму адбыцца». У канцы заявы Трамп заклікаў да міру і блаславення для ўсіх старон канфлікту і ўсяго свету.