BE RU EN

Славакія гатовая падтрымаць новыя санкцыі супраць РФ

  • 24.06.2025, 12:00

Аднак у Браціславы ёсць умова.

Славакія заявіла пра гатоўнасць падтрымаць 18-ы пакет санкцый Еўразвязу супраць Расеі, аднак просіць «гарантый», што яны не нашкодзяць яе эканоміцы.

Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Славакіі Юрай Бланар, паведамляе Euractiv.

«Перамовы ўсё яшчэ працягваюцца, але зыходзячы з таго, што абмяркоўвалася дагэтуль, відавочна, што пакет не будзе мець негатыўнага ўплыву на эканоміку Славакіі, і мы гатовыя яго падтрымаць», – цытуе выданне словы Бланара.

Аднак ён дадаў, што Славакія будзе прасіць «гарантый» і падтрымкі для змякчэння наступстваў адключэння ад расейскіх крыніц энэргіі.

«Існуюць таксама арбітражныя рызыкі, якія паўплываюць на Славацкую Рэспубліку – магчыма, яны будуць дасягаць 20 мільярдаў еўраў. Вось чаму мы патрабуем гарантый наконт таго, як гэтыя негатыўныя наступствы будуць ліквідаваныя», – адзначыў дыпламат.

Бланар таксама адзначыў, што абмеркаванне павінна перайсці на ўзровень Еўрапейскай рады і быць звязанае з ініцыятывай RePowerEU. Менавіта таму прэм'ер Робэрт Фіцо і Бланар імкнуцца да сустрэчы з прэзідэнткай Еўракамісіі Урсулой фон дэр Ляен.

Як піша выданне, нягледзячы на падобныя заявы з боку Вугоршчыны, якая выступіла супраць пакета, Славакія не плануе блакаваць санкцыі. Дыпламаты ў ЕЗ вераць, што пазіцыі Браціславы і Будапешта можна будзе ўзгадніць.

Нагадаем, у панядзелак міністр замежных спраў Вугоршчыны Петэр Сіярта заявіў, што Вугоршчына і Славакія выступаюць супраць прапанаванага ЕЗ пакета санкцый праз боязь энэргетычнай бяспекі і пярэчанні супраць намаганняў Брусэля забараніць імпарт расейскага газу і нафты.

Апошнія навіны