Трамп паказаў паведамленне, якое яму даслаў Рутэ перад самітам NATO
- 24.06.2025, 19:16
Генеральны сакратар NATO паабяцаў, што ўсе чальцы Альянсу павялічаць выдаткі на абарону.
Дональд Трамп пахваліўся паведамленнем ад генеральнага сакратара NATO Марка Рутэ, у якім той павіншаваў яго з «рашучымі дзеяннямі» ў дачыненні да Ірана і дасягненнем згоды паміж усімі хаўруснікамі Альянсу па павелічэнні абаронных выдаткаў.
Адпаведны скрыншот ён апублікаваў у аўторак, 24 чэрвеня, у сацсетцы Truth Social.
У паведамленні гаварылася: «Віншую і дзякую за вашыя рашучыя дзеянні ў дачыненні да Ірана — гэта было сапраўды надзвычай. Ніхто іншы не адважыўся гэта зрабіць. Гэта гарантуе нашу бяспеку».
Прадстаўнікі NATO пацвердзілі The Guardian, што гэтае паведамленне Рутэ накіраваў Трампу ў аўторак, калі той накіроўваўся ў Гаагу на саміт Альянсу.
Рутэ таксама напісаў: «Вы ляціце да яшчэ аднаго вялікага поспеху сёння ўвечары ў Гаазе. Вы дасягняце таго, чаго не мог зрабіць ніводны амерыканскі прэзідэнт цягам дзесяцігоддзяў. Еўропа цяпер будзе плаціць БОЛЬШЫ кошт – як і павінна – і гэта будзе ваша перамога».
24-25 чэрвеня ў Гаазе (Нідэрланды) адбудзецца саміт лідараў краін NATO - першы пад кіраўніцтвам Марка Рутэ, новага генеральнага сакратара Альянсу і экс-прэм'ера Нідэрландаў. Як мяркуюць заходнія медыі, яго галоўнай тэмай стане сітуацыя на Блізкім Усходзе, тады як тэма вайны Расеі супраць Украіны, імаверна, адыдзе на другі план.
Акрамя таго, амерыканскі прэзідэнт пацвердзіў магчымую сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім.