У сеціве завірусіўся ролік, дзе дату смерці Лукашэнкі прадказалі ў «Сімпсанах»
- 24.06.2025, 20:31
Дыктатар нібыта павінен памерці ўжо ў ліпені.
У TikTok набрала папулярнасць старонка Simps Stories, які публікуе фальшывыя прадказанні з «Сімпсанаў». Адно з нядаўніх: нібыта ў папулярным мультсерыяле назвалі дакладную дату смерці Аляксандра Лукашэнкі – 10 ліпеня 2025 года. Відэа – відавочны фэйк, зроблены пры дапамозе нейрасетак, піша «Люстэрка».
Усе публікацыі на гэтай старонцы – відавочная падробка, такіх серый у «Сімпсанах» не было. Да траўня 2025 г. аўтары рабілі прыпіску да ролікаў «інфармацыя выдуманая, супадзенні ўважаць за выпадковыя», але ў нейкі момант перасталі. Аднак дапаўняюць публікацыі стандартнай плашкай «згенеравана ШІ» (праўда, яе лёгка не заўважыць).
Сярод беларусаў асаблівую ўвагу выклікаў ролік з «прадказаннем» даты смерці Аляксандра Лукашэнкі. З моманту публікацыі відэа прайшло тры дні, яго паглядзелі ўжо больш за 600 тысячаў разоў.
Паводле сюжэту, у адной з серый «Сімпсанаў» героі трапляюць у краіну «Белавія», дзе кіруе вусаты лідар з асаблівай любоўю да бульбы і трактароў. У канцы серыі ён памірае.
«З улікам еўрапейскага фармату запісу датаў і нядаўніх паведамленняў аб пагаршэнні здароўя Лукашэнкі, многія фанаты сталі меркаваць, што Сімпсаны дакладна ўказалі яго дату смерці – 10 ліпеня 2025 года. Супадзенне? Ці Сімпсаны зноў маюць рацыю?» – задаецца пытаннямі ананімны аўтар.