Беларускі футбаліст расказаў, як стаў каталіцкім святаром
- 24.06.2025, 21:13
Ён гуляў у Малафеева і быў капітанам галоўнай каманды горада.
Экс-футбаліст МТЗ-РІПА і слонімскага «Камунальніка» Сяргей Гусар расказаў, як пасля заканчэння кар'еры стаў каталіцкім святаром.
Гэтай гісторыяй ксёндз падзяліўся ў інтэрв'ю BetNews.
«Я, акрамя футболу, і ў Маскве працаваў – добра зарабляючы, і вышэйшую адукацыю яшчэ раней атрымаў. Але нідзе неяк шчасця свайго не мог знайсці», – казаў экс-футбаліст.
Галоўнай крыніцай шчасця для сябе спартовец назваў каталіцкую царкву.
«А вось калі прыходзіў у касцёл і ў манастыр да братоў-капуцынаў, то адчуваў нейкі спакой. І да мяне доўга даходзіла пытанне: "Чаму я нідзе, акрамя касцёла, такога не адчуваю?"» – апавядае Гусар.
На ягоную думку, у выпадку душэўнага незадавальнення, чалавек можа кінуць нават самую прыбытковую справу дзеля самазадавальнення.
«Таму што можна і спартоўцам быць знакамітым, і грошай шмат зарабляць, а на душы мець нейкую пустэчу. Я гэта вельмі моцна ў нейкі момант адчуў і пастанавіў, што для сябе выбіраю шлях святарства, таму што менавіта праз служэнне Богу я адчуваю сябе шчаслівым», – дапоўніў ксёндз-футбаліст.
У ходзе сваёй гульнявой кар'еры Сяргей Гусар застаў часы, калі ў МТЗ-РІПА працаваў Эдуард Малафееў.
Экс-спартовец успамінаў не толькі спартовыя якасці легендарнага трэнера, але і чалавечыя.
«Я да гэтага часу памятаю ягоныя словы: "Хлопцы, вы можаце не стаць вялікімі футбалістамі, але футбол заўсёды дапаможа вам у жыцці". У маім выпадку ён быў выкананы на 100 адсоткаў. Калі я вучыўся на святара ў Італіі і Польшчы, усе ведалі, што я былы футбаліст, і гэта заўсёды адразу дапамагала мне ў зносінах», – адзначыў Гусар.
Эдуард Малафееў папрацаваў у МТЗ-РІПА два перыяды. У 2005 годзе ён быў трэнерам маладзёвай каманды, а са снежня 2006 да красавік 2007-га ўзначальваў асноўную каманду.