BE RU EN

Па беларускім рублі ўдарылі з Расеі

  • 25.06.2025, 16:07

Валютны рынак можа пачаць ліхаманіць.

Становішча на валютным рынку Беларусі цяпер шмат у чым залежыць ад таго, што адбываецца на расейскім. Нядаўна ў суседняй краіне знізілі ключавую стаўку - аналаг нашай стаўкі рэфінансавання. Прычына - запаволенне росту інфляцыі. Гэтая пастанова Цэнтрабанка РФ можа аслабіць расейскі рубель да даляра, а следам — ударыць і па беларускай нацыянальнай валюце. "Зеркало" паглядзела, як развіваецца цяпер сітуацыя ў Расеі з паказчыкамі, якія стымулююць Цэнтрабанк гэтай краіны змяняць ключавую стаўку і ставіць пад пагрозу курс рубля.

Што адбываецца з расейскім рублём пасля зніжэння ключавой стаўкі, а што - з беларускім

Цэнтрабанк РФ 6 чэрвеня апусціў ключавую стаўку з рэкордных 21% да 20% гадавых. Сярод прычын такой пастановы, як агучвалі раней, тое, што бягучы інфляцыйны ціск, у тым ліку ўстойлівы, працягвае зніжацца.

Эканамістка Настасся Лузгіна

раней адзначала, што калі Цэнтрабанк РФ надумае знізіць ключавую стаўку, гэта можа прывесці да паслаблення расейскага рубля да даляра. Гэта следам па ланцужку можа прывесці да падобнага трэнду на валютным рынку Беларусі.

Што атрымліваецца на практыцы? Пакуль назіраецца супрацьлеглая сітуацыя. Так, з моманту зніжэння ключавой стаўкі афіцыйны курс даляра ў РФ знізіўся з 79,1 да 78,3 расейскага рубля (гэта звесткі за 6 і 24 чэрвеня адпаведна).

Падобны працэс адбываўся і ў нашай краіне: калі 6 чэрвеня курс даляра, паводле звестак Нацбанка, быў 3,0008 рубля, то 24-га — 2,9679.

У РФ маюць намер прадаўжаць зніжаць ключавую стаўку па меры запавольвання інфляцыі.

Якая сітуацыя ў Расеі з ростам коштаў

Гадавая інфляцыя ў суседняй краіне пачала запавольвацца, склаўшы па выніках матраўняя 9,88%. Хоць яшчэ нядаўна была вышэйшай за 10%. Цэнтральны банк Расеі з сярэдзіны 2023 года падвышаў ключавую стаўку (ад яе залежаць у тым ліку многія стаўкі за крэдыты і ўклады), імкнучыся абмежаваць спажывецкую актыўнасць і крэдытаванне. Гэта астудзіла попыт і часткова стрымала рост коштаў.

Акрамя таго, гэты працэс уплываў на ўмацаванне расейскага рубля на валютным рынку.

Улады Расеі разлічваюць на далейшае зніжэнне інфляцыі да 7-8% да канца 2025 года. А таксама спадзяюцца на вяртанне да мэтавага ўзроўню на 4% у 2026-м.

Як ідуць справы ў замежным гандлі

Што тычыцца гандлю Расеі з іншымі краінамі, то тут сітуацыя пагаршаецца. Па выніках першых чатырох месяцаў гэтага года прафіцыт замежнага гандлю - перавышэнне экспарту над імпартам - склаў 42,4 млрд даляраў. Гэта на 18,3% менш у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года. Экспарт за гэты час зменшыўся на 7,9 млрд даляраў і склаў 128,2 млрд. Тады як імпарт, наадварот, вырас на 1,6 млрд — да 85,8 млрд даляраў.

Настасся Лузгіна раней адзначала: "Тут гледзячы як будзе развівацца сітуацыя з коштам на энэрганосьбіты, як будуць працаваць санкцыі. Гэта таксама будзе ўплываць на расейскі рубель". Паводле яе ацэнкі, гэты паказчык таксама павінен быў дзейнічаць на зніжэнне курсу рубля РФ.

Як сітуацыя ў Расеі ўплывае на наш валютны рынак

Як неаднаразова паказвалі эканамісты, сітуацыя на расейскім валютным рынку ўплывае на тое, як сябе адчувае наш рубель. Напрыклад, пры паслабленні валюты РФ да даляра следам падобны працэс адбываецца з нашым. Гэта звязана з тым, што Расея з'яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі, значныя разлікі паміж краінамі адбываюцца менавіта ў расейскіх рублях.

Напрыклад, у траўні гэтага года эканамістка Настасся Лузгіна падкрэслівала, што дынаміка валютнага рынку ў суседняй краіне застаецца асноўным чыннікам, які ўплывае на змяненне курсу беларускага рубля да той жа амерыканскай валюты. Тады рубель РФ адчуваў сябе больш упэўнена — і наш таксама ўмацоўваўся да даляра, хоць да расейскага ён, наадварот, слабеў.

Апошнія навіны