Хаос у войсках РФ: Акупанты падпальваюць уласныя пазіцыі ў Херсонскай вобласці
- 25.06.2025, 9:22
Украінскія партызаны даведаліся падрабязнасці.
На левабярэжжы Херсонскай вобласці зафіксаваныя новыя выпадкі сабатажу сярод расейскіх вайскоўцаў.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Telegram-канал «АТЭШ».
Як паведамляе партызанскі рух «АТЭШ», вайскоўцы 1-га батальёна 205-й асобнай мотастралковай брыгады РФ рыхтавалі наўмысныя падпалы ўласных пазіцый.
Са слоў крыніц «АТЭШ» сярод саміх акупантаў, гэта спроба ціску на камандаванне. Падпаламі вайскоўцы спрабуюць сарваць выкананне баявых задач і пазбегнуць удзелу ў бессэнсоўных «мясных штурмах».
У руху паведамляюць, што незадаволенасць у падраздзяленні дасягнула крытычнай кропкі. Асаблівае абурэнне выклікаюць паводзіны камандзіра брыгады Эдуарда Шандуры, які, са слоў саміх жаўнераў, «кідае людзей на смерць дзеля ўласнай кар'еры».
Таксама ў "АТЭШ” нагадваюць пра іншыя скандалы ў брыгадзе, напрыклад, пра камандзіра з пазыўным “Скіф”, які сістэматычна збіваў падначаленых.
Нягледзячы на гэта, ён атрымаў падвышэнне ў Генеральны штаб РФ, што выклікала дадатковае абурэнне сярод асабістага складу.