СМІ: ЗША маюць намер выставіць Ірану тры ўмовы
- 26.06.2025, 11:23
Ад Тэгерана патрабуюць перадаць узбагачаны ўран, які не быў знішчаны.
ЗША маюць намер выставіць Ірану тры ўмовы для падпісання будучай дамовы: забарона на ўзбагачэнне ўрану на іранскай тэрыторыі, вываз усіх высокаўзбагачаных матэрыялаў, назапашаных Іранам, і абмежаванне на будучую вытворчасць ракет.
Аб гэтым 26 чэрвеня піша «Ісраэль ха-ём». 25 чэрвеня паведамлялася, што бакі збіраюцца сустрэцца на наступным тыдні для правядзення чарговага раунда перамоў, першага з пачатку вайны з Іранам.
Гэтыя ўмовы паказваюць на тое, што не ўвесь узбагачаны ўран, назапашаны Іранам, быў знішчаны падчас нападаў Ізраіля і ЗША.
Напярэдадні ваеннай кампаніі Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) вызначыла, што Іран мае 408,60 кг урану, узбагачанага да 60%. Калі б ён працягнуў узбагачэнне да 90%, гэта дазволіла б яму вырабіць больш за 10 ядзерных бомб.
ЗША і Ізраіль турбуе тое, што калі Іран сапраўды ўсё яшчэ валодае значнай часткай гэтай колькасці ўзбагачанага ўрану, ён можа паспрабаваць выкарыстаць яго для таемнага прарыву да стварэння ядзернай зброі ці для вытворчасці «бруднай бомбы». Гэтае пытанне зараз знаходзіцца на першым месцы на парадку дня выведвальных службаў.
Амерыканскія ўмовы таксама змяшчаюць утоеную пагрозу: калі Іран не перадасць назапашаны ім узбагачаны ўран, яго чакае новая атака.
Гэтыя ўмовы выстаўляліся яшчэ падчас перамоў, якія праходзілі паміж бакамі перад вайной, што пачалася 13 чэрвеня. Іран адмовіўся іх выконваць у той час, намагаючы на сваім праве працягваць узбагачэнне ўрану. Аднак яго становішча пасля ваеннай кампаніі імкліва змянілася.
Учора Камісія па атамнай энэргіі Ізраіля вызначыла, што «амерыканскія атакі на ядзерныя аб'екты Ірана ў спалучэнні з ізраільскімі атакамі на іншыя кампаненты вайсковай ядзернай праграмы Ірана на многія гады адкінулі здольнасць Ірана распрацаваць ядзерную зброю».
Управа вайсковай равыдкі таксама ўстанавіла, што іранскай праграме быў нанесены сур'ёзны ўдар і што спалучэнне атак на аб'екты і інфраструктуру, уключаючы лабараторыі, офісы, вытворчыя і даследчыя аб'екты, у тым ліку ў Тэгеране, а таксама ліквідацыя навукоўцаў істотна ўскладніць прагрэс Ірана ў гэтай галіне ў найбліжэйшыя гады.