Politico: Бульбяны рэкет Лукашэнкі выклікаў абурэнне апанентаў рэжыму
- 26.06.2025, 11:35
Кантроль коштаў даў адваротны эфект.
Узніклы вясной дэфіцыт бульбы ў Беларусі і звязаную з гэтым рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі працягваюць абмяркоўваць не толькі беларускія, але і заходнія СМІ. На праблему звярнула ўвагу і выданне Politico, якое апублікавала артыкул з загалоўкам «Бульбяны рэкет Лукашэнкі выклікаў абурэнне апанентаў рэжыму».
«Кантроль цэн, устаноўлены беларускім дыктатарам, даў адваротны эфект», — гаворыцца ў матэрыяле.
Аўтары падкрэсліваюць, што прычынай нядаўняга вострага дэфіцыту бульбы ў Беларусі стала «жорсткае ўмяшанне» Аляксандра Лукашэнкі ў эканоміку: з 2022 года ў краіне дзейнічаюць строгія абмежаванні на рост цэн асноўных прадуктаў харчавання, уключаючы бульбу. Гэтыя захады былі задуманыя як спосаб стрымаць інфляцыю, але на практыцы зрабілі вырошчванне бульбы эканамічна невыгодным для фермераў.
«Калі вы знаёмыя з гісторыяй Савецкага Саюза, то ведаеце - калі ў людзей няма матывацыі, прымусіць іх добра працаваць практычна немагчыма», - растлумачыў выданню навуковы дырэктар беларускага аналітычнага цэнтра BEROC Леў Львоўскі.
Цэны бульбы ў Беларусі раслі занадта марудна і не кампенсавалі росту выдаткаў фермераў, праз што многія скарацілі пасевы або адмовіліся ад вырошчвання культуры. У 2024 годзе ўраджай упаў з больш як 4 да 3,1 мільёна тон, а праз выгадныя кошты ў Расеі фермеры масава прадавалі бульбу туды, зрабіўшы Беларусь галоўным пастаўшчыком на расейскім рынку.
У канцы года ўлады ўвялі забарону на экспарт без ліцэнзіі, але фермеры абыходзілі яе маркіроўкай нармальнай бульбы як гнілой, што прывяло да дэфіцыту і пагаршэння якасці прадукту на прылаўках, асабліва прыкметна гэта было вясной 2025-га. Каб выправіць сітуацыю, у красавіку павысілі максімальныя цэны, у траўні дазволілі імпарт з ЕЗ, а таксама ўзмацнілі кантроль над крамамі праз гарачую лінію для скаргаў пакупнікоў.
Лукашэнка заявіў, што дэфіцыт быў штучна створаны для дыскрэдытацыі сістэмы дзяржрэгулявання коштаў і ўлады ўвогуле. Аднак у яго апанентаў іншыя меркаванні.
«Гэта паказвае, як Лукашэнка і ягоная адміністрацыя могуць штучна ствараць дэфіцыт тавараў, якіх раней было ў лішку», - пракаментаваў эканаміст Алесь Аляхновіч.
Між тым у траўні МАРГ адкрыў гарачую лінію, на якую можна скардзіцца на крамы, якія не прадаюць бульбу або ўстанаўліваюць занадта высокі кошт.
«Частка стратэгіі - гэта проста запалохванне гандлёвых сетак у надзеі, што яны праз страх перад турмой здабудуць бульбу з паветра», - іранізуе Львоўскі.