BE RU EN

Прэзідэнт Польшчы анансаваў адказ на вучэнні «Захад-2025»

  • 26.06.2025, 12:24

«Жалезны абаронца» - сапраўды адказ на расейска-беларускія манеўры.

Беларусь абвяшчала, што адвядзе вучэнні «Захад-2025» ад мяжы з Польшчай. Раней Польшча запланавала ўласныя вучэнні ў адказ на «Захад». Прэзідэнт Польшчы кажа «Белсату»: калі Беларусь адвядзе вучэнні, гэта добра, але польскія вучэнні ўсё адно арганізуюць.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда больш падрабязна расказаў аб гэтых вучэннях на саміце NATO ў Гаазе. Ён пацвердзіў: «Жалезны абаронца» - сапраўды адказ на «Захад».

Міністр абароны паведаміў прэзідэнту, што на вучэнні разасланыя запрашэнні ўсім чальцам NATO. Прысутнічаць сапраўды будуць войскі Злучаных Штатаў, бо амерыканцы і так дыслакаваныя ў Польшчы, але Дуда чакае і іншых - бачыць вялікую зацікаўленасць хаўруснікаў і высокую імавернасць шырокага ўдзелу чальцоў NATO ў вучэннях.

«Няма ніякіх сумневаў, што правядзенне такіх вучэнняў, як «Захад-2025», мае вялікае значэнне, - адзначыў Дуда. - Варта памятаць, што пасля папярэдніх вучэнняў «Захад» Расея напала на Украіну. Мы ўсё гэта ўсведамляем, таму зараз трэба дакладна дэманстраваць нашу гатоўнасць, нашу сілу, тое, што мы не недаацэньваем пагрозу, што мы рашучыя і што мы тут стаім і гатовыя абараняць сваю тэрыторыю. Таму гэта мае фундаментальнае значэнне».

Маштабныя беларуска-расейскія вучэнні «Захад-2025», запланаваныя на верасень, спачатку павінны былі правесці пад заходнімі межамі Беларусі. У канцы траўня Мінабароны Беларусі раптам паабяцала, што «асноўныя манеўры» супольных з Расеяй вайсковых вучэнняў «Захад-2025» адсунутыя ад межаў краін NATO ўглыб тэрыторыі Беларусі. Да таго ж «будуць зніжаныя параметры вучэнняў».

Апошнія навіны