Для беларусаў зменяцца правілы ўезду ў Латвію
- 26.06.2025, 12:33
Ужо з 1 верасня.
Грамадзянам Беларусі з 1 верасня трэба будзе запаўняць адмысловую анкету для ўезду ў Латвію, паведамляе «Еўрарадыё».
Яна будзе неабходная ва ўсіх выпадках: і калі вы перасякаеце беларуска-латвійскую мяжу, і калі едзеце ў Латвію з суседніх краін Еўразвяза, і нават калі маеце транзітны рэйс праз рыжскі аэрапорт.
Патрабаванне таксама распаўсюджваецца на грамадзян Украіны і Расеі. Выключэнне будзе зробленае для людзей з латвійскімі візамі ці ДНЖ і дыпламатаў.
Анкету трэба будзе запаўняць не пазней за 48 гадзін да ўезду. У дакуменце трэба будзе ўказваць мэту і працягласць паездкі, месца знаходжання ў Латвіі і маршрут. Таксама — кантактную інфармацыю і некаторыя звесткі пра сябе і сваякоў: ці быў/ёсць статус дзяржслужбоўца; ці служылі вы ў войску, спецслужбах, памежнай службе, мытні, органах МУС, юстыцыі ці МЗС (уключаючы дыпслужбу).
Норма будзе дзейнічаць як мінімум да канца 2027 года. Праверка будзе ажыццяўляцца выбарачна. Калі прыехаць у Латвію без анкеты, вам пагражае штраф 2000 еўраўф. Акрамя таго, памежнік можа проста не пусціць вас у краіну.