Расейскага студэнта дэпартавалі з Беларусі за крадзеж булачкі
- 26.06.2025, 14:08
Таксама ён хацеў вынесці ў кішэні фарш.
У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце 20 чэрвеня прайшоў разгляд справы расейца, які скраў булачку і спрабаваў вынесці з магазіна фарш у кішэні. Іншаземца выслалі на радзіму, паведамілі ва УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Расеяц прыехаў у Гродна ў жніўні 2023 года, каб вучыцца ў ВНУ. Быў адлічаны з першага курса за акадэмічную непаспяховасць і аднавіўся. Пасля гэтага здзейсніў два дробныя крадзяжы — скраў у краме булачку і спрабаваў вынесці фарш у кішэні. Таксама ў спісе парушэнняў безбілетны праезд.
Пытанне аб яго высылцы разглядалі публічна ў медуніверсітэце, запрасілі замежных студэнтаў. Гэта частка аперацыі сілавікоў "Нелегал", адзначылі ва УУС.
Адміністрацыя ўніверсітэта характарызуе хлопца як ветлівага, акуратнага і спакойнага, скаргаў на яго не было, навучанне ён аплачваў своечасова. У вучобе зарэкамендаваў сябе як студэнт "з нізкай працоўнай і выканаўчай дысцыплінай, а таксама пасрэднай паспяховасцю".