ПАРЭ: Лукашэнка адказны за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Беларусь
- 26.06.2025, 15:09
Гэта ваеннае злачынства.
Аляксандр Лукашэнка адказны за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Адпаведную рэзалюцыю прыняла Парламенцкая асамблея Рады Еўропы, паведамляе «Польское радио».
Аўтары прынятага дакумента з назвай «Прававыя аспекты і пытанні правоў чалавека ў кантэксце агрэсіі РФ супраць Украіны» падкрэсліваюць, што дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей у Беларусь з акупаваных расейскім войскам тэрыторый Украіны ажыццяўлялася паводле непасрэднага указання Аляксандра Лукашэнкі.
Пасля нападу Расеі на Украіну ў 2022 годзе ў Беларусь было вывезена не менш за тры з паловай тысячы ўкраінскіх дзяцей. Дэпартацыя суправаджаецца ідэалагічнай апрацоўкай і русіфікацыяй украінскіх дзяцей.
Паведамляецца, што дэпартаваным прышчэпліваюць прарасейскія і антыўкраінскія тэзісы, якія адмаўляюць дзяржаўнасць Украіны. Дзяцей накіроўваюць у ваенізаваныя і моладзевыя структуры, створаныя беларускім рэжымам. Раней Украіна ўвяла санкцыі супраць генсака Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова, якога абвінавачваюць ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і падтрымцы расейскай агрэсіі.