Украіна правяла новы абмен палоннымі з РФ
- 26.06.2025, 17:21
Многія вызваленыя вайскоўцы знаходзіліся ў палоне з 2022 года.
Сёння, 26 чэрвеня, Украіна правяла яшчэ адзін этап абмену палоннымі з Расеяй. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім Telegram-канале.
«Працягваем абмены, яшчэ адзін этап. Сёння вяртаюцца воіны Узброеных Сіл, Нацыянальнай гвардыі, Дзяржаўнай памежнай службы», - напісаў ён.
Як адзначае Зяленскі, большасць з іх былі ў палоне з 2022 года.
«Робім усё, каб знайсці кожнага, праверыць інфармацыю адносна кожнага прозвішча. Павінны вярнуць усіх нашых дамоў. Дзякуй кожнаму, хто дапамагае нам у гэтым», - дадаў прэзідэнт Украіны.