BE RU EN

Арменія мае намер канчаткова выйсці з АДКБ

  • 26.06.2025, 19:16

Прэм'ер Арменіі называў гэтую арганізацыю «хаўрусам-бурбалкай».

Арменія можа прыняць канчатковую пастанову пра выхад з Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), калі краіны-ўдзельніцы, уключаючы Расею, не выступяць з дакладнай палітычнай пазіцыяй наконт дзеянняў Азербайджана. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных справаў Арменіі Ваан Кастанян. «Урэшце, калі партнёры АДКБ, у тым ліку Расейская Федэрацыя, не выступяць з палітычнымі заявамі, пра якія размова ішла яшчэ некалькі гадоў таму, пасля нападу на суверэнную тэрыторыю Рэспублікі Арменія, то Арменія прыме канчатковую пастанову», – сказаў Кастанян (цытата паводле «Навіны-Арменія»).

Ерэван больш не робіць намёкаў, а гаворыць вельмі шчыра, адзначыў намеснік кіраўніка МЗС. Ён таксама ўказаў, што Арменія як суверэнная дзяржава самастойна вызначыць патрэбны момант для далейшых крокаў.

У лютым 2024 года прэм'ер-міністр Нікол Пашынян абвясціў пра замарозку ўдзелу Арменіі ў АДКБ, а ў траўні армянскае МЗС паведаміла, што краіна адмаўляецца ад фінансавання працы арганізацыі. У студзені гэтага года Служба знешняй выведкі Арменіі апублікавала публічны даклад, згодна з якім у найбліжэйшай будучыні краіна не мае намеру вяртацца да паўнацэннага ўдзелу ў АДКБ. «Мы мяркуем, малаверагодна, што ў 2025 годзе зменяцца прычыны, чаму Арменія прыпыніла сваё сяброўства. Зыходзячы з гэтага, прэстыж арганізацыі застаецца пад сур'ёзным пытаннем і становіцца "падставай для разважанняў" для іншых краінаў-чальцоў», – гаварылася ў дакуменце.

Разлад у стасунках з Расеяй і АДКБ адбыўся пасля баявых сутыкненняў паміж Арменіяй і Азербайджанам у Нагорным Карабаху, калі Ерэван афіцыйна звярнуўся да хаўруснікаў па падтрымку. Аднак арганізацыя, у якой дамінантную ролю гуляе Масква, абмежавалася толькі выразам «занепакоенасці» і «спачуваннямі». Пашынян пасля гэтага неаднаразова крытыкаваў АДКБ за неаказанне дапамогі Ерэвану, таксама прэм'ер называў арганізацыю «хаўрусам-бурбалкай», які, паводле ягонага сцвярджэння, разам з Баку «планаваў вайну» супраць Арменіі.

Апошнія навіны