BE RU EN

Лукашэнка пакрыўдзіўся на Пашыняна

  • 26.06.2025, 19:55

Прэм'ер Арменіі адмовіўся ехаць у Менск.

У сітуацыі з Арменіяй не можа быць вінаваты адзін бок, заявіў дыктатар Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на пленарным пасяджэнні Еўразійскага эканамічнага форуму, які праходзіць у Менску.

У сваёй прамове Лукашэнка нагадаў пра Арменію, прэм'ер-міністр краіны Нікол Пашынян удзельнічаў у пасяджэнні праз відэасувязь. Ён адзначыў, што адсутнасць прэм'ера можа ўказваць на тое, што ў ЕАЭС не ўсё ў парадку.

«Вы ведаеце пра пазіцыю Арменіі. Проста сёння кіўнуць – вось, не прыехалі, такія-сякія, – гэта мы можам, гэта мы ўмеем. Але калі нешта адбываецца, не можа быць вінаваты адзін бок. Нам трэба пашукаць прычыны і ў іншым. Чаму Арменія заняла такую пазіцыю? Напэўна, не ўсё ў нас тут у парадку, адмахвацца ад гэтага нельга», – адзначыў ён.

У сакавіку 2025 года парламент Арменіі ўхваліў пачатак уступлення краіны ў Еўразвяз.

У лютым 2024 года Пашынян абвясціў пра замарозку ўдзелу Арменіі ў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), у якую таксама ўваходзяць Расея і Беларусь. Сваю пазіцыю армянскія ўлады тлумачылі тым, што АДКБ належным чынам не адрэагавала на абвастрэнне сітуацыі ў Нагорным Карабаху, была абыякавая да абароны Арменіі і не выканала сваіх функцый у дачыненні да Ерэвана.

У траўні 2024-га Пашынян заяўляў, што ведае «як мінімум дзве краіны АДКБ, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы вайны» супраць Арменіі. Самі дзяржавы ён не называў, аднак незадоўга да гэтага Лукашэнка наведаў Азербайджан і ў размове з прэзідэнтам Ільхамам Аліевым заявіў пра «вызваленчую вайну». Пашынян запатрабаваў прабачэнняў ад беларускага дыктатара. Ён таксама сказаў, што не будзе наведваць Беларусь, пакуль Лукашэнка ўзначальвае краіну.

Апошнія навіны