Аляксандра Сасновіч прайшла кваліфікацыю Уімблдона
- 26.06.2025, 20:07
У асноўнай сетцы самага прэстыжнага травянога турніру будуць тры беларускі.
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (№108 WTA) паспяхова прайшла кваліфікацыю і згуляе ў асноўнай сетцы Уімблдона-2025.
У фінале адборачнага турніру Сасновіч атрымала перамогу над Дар'яй Семяністай (№131), якая раней выбіла з барацьбы яшчэ адну беларуску – Ірыну Шымановіч.
Вынік сустрэчы – 7:5, 6:3 на карысць Аляксандры.
Нагадаем, што Сасновіч стала адзінай нашай суайчынніцай, якая пераадолела адбор да галоўнага травянога турніру года.
На першай стадыі кваліфікацыю пакінула Крысціна Дзмітрук (№203). Яна саступіла кітаянцы Ван Сіюй (№165) у трох сэтах. Агульны лік двухгадзіннага паядынку – 5:7, 6:3, 3:6.
Асноўная частка прэстыжнага турніру на траве стартуе 30 чэрвеня і закончыцца 13 ліпеня.
Акрамя Сасновіч, у ёй будуць удзельнічаць яшчэ дзве беларускі – першая ракетка свету Арына Сабаленка і 105-ы нумар рэйтынгу WTA Вікторыя Азаранка.
Матчы адбудуцца на кортах мясцовага Усеанглійскага клуба лаўн-тэнісу і кракету.
Прызавы фонд жаночай часткі турніру складзе рэкордныя £25 млн, з якіх чэмпіёнка атрымае £2,7 млн. Такія самыя сумы пазначаныя і ў мужчынскай сетцы.