Ці дапамагае ўжыванне вострай ежы схуднець?
- 26.06.2025, 20:38
Навукоўцы далі адказ.
Вострая ежа не толькі прымушае пацець, але і дапамагае кантраляваць апетыт, зніжаючы рызыку пераядання. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з Універсітэта штата Пенсільванія.
У даследаванні ўдзельнікам прапаноўвалі стравы з розным узроўнем вастрыні – ялавічыну чылі і курыцу ціка масалу з дадаваннем папрыкі. Высветлілася, што пры памяркоўнай вастрыні людзі елі павольней і спажывалі на 11–18% менш ежы, чым звычайна.
Усё, што мы змянілі, – гэта колькасць вострай папрыкі, якая дадаецца ў стравы, каб яны былі сярэдне вострымі, і гэтай даволі невялікай змены было даволі, каб значна знізіць спажыванне энэргіі, – расказала Пэйдж Канінгем, доктарка філасофіі і вядучая аўтарка даследавання.
Капсаіцын – рэчыва, якое надае перцу вастрыню, – паскарае метабалізм, але ягоны ўплыў на доўгатэрміновае зніжэнне вагі нязначнае. Джон МакВортэр, дыетолаг з Х'юстана, адзначыў, што вострая ежа валодае супрацьзапаленчым эфектам, але не з'яўляецца «чарадзейным сродкам» для пахудання.
Варта памятаць, што вострая ежа можа быць шкодная пры кіслотным рэфлюксе, запаленчых захворваннях кішачніка і алергічных рэакцыях.